Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

6 Кст 2022

Беларускія і ўзбекскія кінематаграфісты здымуць фільм пра жыццё Якуба Коласа ў Ташкенце

Беларускія і ўзбекскія кінематаграфісты здымуць фільм пра жыццё Якуба Коласа ў Ташкенце
Фота zviazda.by

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кінематаграфісты з Беларусі і Узбекістана здымуць сумесны дакументальны фільм "Якуб Колас. Кніга ташкенцкага быцця". Аб гэтым на падпісанні дагавора аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Дзяржаўным музеем Янкі Купалы і Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" паведаміў генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кінастудыя не раз звярталася да тэмы Якуба Коласа і Янкі Купалы і стварала фільмы паводле твораў нашых класікаў. І вясной на сустрэчы з кінематаграфістамі з краін СНД у Таджыкістане мы з нашымі ўзбекскімі калегамі абмеркавалі агульныя тэмы. Мы ўспомнілі, што Якуб Колас мае невядомую старонку жыцця, калі ён знаходзіўся ў эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Ташкенце. Ён сябраваў з узбекскімі дзеячамі культуры, былі цікавыя імгненні жыцця. Было прынята рашэнне вывучыць магчымасці стварэння сумеснага фільма", - расказаў Уладзімір Карачэўскі.

Здымкі фільма пройдуць як у Беларусі, так і ва Узбекістане. "Будзе выкарыстана шмат хранікальнага матэрыялу. Аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз знайшоў цікавыя старонкі гісторыі нашага знакамітага земляка. Акрамя таго, мы вырашылі падключыць родных і блізкіх Якуба Коласа, якія будуць прымаць удзел у здымках, разам з намі праводзіць іх ва Узбекістане", - адзначыў гендырэктар кінастудыі.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Агенцтва кінематаграфіі Рэспублікі Узбекістан падтрымалі гэты праект, дадаў Уладзімір Карачэўскі. "Падпісана пагадненне з Кінастудыяй хранікальных і дакументальных фільмаў Узбекістана. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Узбекістан пацвердзілі, што выдзяляюць нам субсідыю на стварэнне фільма. І калі нічога нам не перашкодзіць, я вельмі разлічваю, што ў лістападзе наша здымачная група выедзе ва Узбекістан на здымкі", - прадоўжыў гендырэктар кінастудыі "Беларусьфільм".

У мінулым годзе кінастудыя выпусціла фільм пра паэта Максіма Танка, у бягучым - анімацыйны фільм "Класікі і шахматы" пра Янку Купалу і Якуба Коласа. "А цяпер запускаем сумесны беларуска-ўзбекскі дакументальны праект "Якуб Колас. Кніга ташкенцкага быцця". Лічу, што мы не проста захоўваем памяць, а папулярызуем імёны нашых класікаў. Спадзяюся, што гэты фільм змогуць убачыць гледачы не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Мы плануем яго прадставіць і на фестывалях. Так, у бягучым годзе на фестывалі "Лістапад" мы зробім прэзентацыю нашага праекта. Імя Якуба Коласа будзе гучаць не толькі ў музеі, але і ў кіно, на экране", - рэзюмаваў Уладзімір Карачэўскі.

"Я з задавальненнем узяўся пісаць сцэнарый. Рэжысёрам выступіць Галіна Адамовіч. З ёю будзе працаваць Васіліна - праўнучка Якуба Коласа. Ёсць што сказаць пра ташкенцкія гады Якуба Коласа. Мне хацелася, каб у сцэнарыі была лірычная старонка творчасці Коласа. Бачыцца, што фільм можа атрымацца вельмі цікавым", - дадаў аўтар сцэнарыя фільма, вядучы рэдактар студыі "Летапіс" кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Мароз.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі