22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Настасся Зудзілава стала прызёрам чэмпіянату свету па плаванні сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі, які праходзіць у Сінгапуры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У панядзелак наша спартсменка прыняла ўдзел у фінале на дыстанцыі 100 м брасам у класе SB13 (для атлетаў з парушэннямі зроку). Зудзілава дакранулася да борціка трэцяй з рэзультатам 1 мін. 19,23 сек., у барацьбе за бронзу Настасся на чатыры сотыя секунды апярэдзіла іспанку Марыян Пола Лопес. Чэмпіёнкай свету стала амерыканка Алівія Чэмберс, другое месца заняла Рашын Ні Рыін з Ірландыі.
У вырашальным заплыве ў гэтым жа відзе праграмы ў юнакоў беларус Яўген Кавалёнак фінішаваў пятым. Таксама 22 жніўня адбыўся фінал на стаметроўцы батэрфляем у класе S12, дзе наш Дзмітрый Салей стаў уладальнікам серабра. Беларус паказаў час 57,87 сек. і ўсяго 0,03 сек. уступіў пераможцу Кіліяну Парталю з Францыі. Трэцім стаў брат Дзмітрыя Раман Салей, які выступае за Азербайджан.
Такім чынам, пасля двух дзён чэмпіянату свету па плаванні сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі ў актыве нашай каманды тры медалі (0-2-1). Раней сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 100 м на спіне ў класе S12 стаў Максім Вашкевіч.
Планетарны форум прадоўжыцца па 27 верасня, у аўторак у Сінгапуры адбудуцца 26 фіналаў.