14 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Лізавета Цупрык на XXIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск" выступіць пад нумарамі 17 і 2. Жараб'ёўка ўдзельнікаў прайшла ў малой зале канцэртнай залы "Віцебск", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Запаветны нумар удзельнікі знайшлі на дне шэйкера і майцы з лагатыпамі "Славянскага базару". Адкрые першы конкурсны дзень выступленне выканаўцы з Эстоніі Віўен Эльтс, пад нумарам 19 выйдзе на сцэну артыст з Кыргызстана Алімхан Муратаў. У другі дзень першай выступіць Намуундар Ганзарыг з Манголіі, а завершыць конкурс выкананне Барбарэ Маргошыі з Грузіі. Чортавы тузіны дасталіся Шырын Азізавай з Узбекістана і Алексе Варданян з Арменіі. Чатырнаццацігадовая Лізавета Цупрык з Беларусі выступіць пад нумарамі 17 у першы дзень і 2 - у другі.
"Выканаю дзве песні. Адна з іх кампазітара Валерыя Шмата "Мой дом". Другая - "Over The Rainbow", што ў перакладзе з англійскай азначае "Над вясёлкай". Гэта саўндтрэк да мультфільма "Чараўнік з краіны Оз", - расказала дзяўчына.






На XXIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск" сваю творчасць будуць прадстаўляць дзеці з 19 краін. Яны выканаюць песні славянскага аўтара і саўндтрэкі з папулярных мультфільмаў, анімацыйных, мастацкіх фільмаў, мюзіклаў дзіцяча-юнацкай тэматыкі. Журы конкурсу ўзначаліць заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, спявачка, актрыса, тэлевядучая Ілона Бранявіцкая. Яна адзначыла, што выступленне юных артыстаў заўсёды цяжка ацэньваць. "Мы, вядома, глядзім іх адоранасць, таленавітасць, работу з педагогам", - сказала спявачка. Яна параіла юным зорачкам нічога не баяцца, галоўны вораг канкурсанта - гэта мандраж. Таксама Ілона Бранявіцкая падкрэсліла, што ўдзельнік конкурсу, які не перамог, павінен разумець, што заўтра ў яго зусім іншыя шанцы, ён можа шмат чаго дабіцца сваёй працай. "Чым больш дзяцей спявае, танцуе, іграе ў тэатры, тым лепш будзе ўсё ў нас. Гэта вялікі ўклад у нашу светлую будучыню", - дадала старшыня журы.
Народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля "Верасы", кампазітар, музыка Васіль Раінчык, які з'яўляецца членам журы, пажадаў удзельнікам удачы і добрага настрою.