У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
ВЫБАРЫ ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

22 Чэр 2015

Беларускі тыдзень пройдзе ў Парыжы з 24 чэрвеня па 1 ліпеня

22 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларускі тыдзень пройдзе ў Парыжы з 24 чэрвеня па 1 ліпеня напярэдадні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь, паведамілі БЕЛТА ў беларускай дыпламатычнай місіі ў Францыі.

Мерапрыемства адбудзецца па праграме Дзён беларускай культуры. Яно праводзіцца пасольствам Беларусі ў Францыі і пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА. Беларускі тыдзень у Парыжы - шэраг мерапрыемстваў, прызначаных азнаёміць прадстаўнікоў французскіх улад, дзелавыя колы, дыпламатычны корпус і шырокую грамадскасць з беларускай гісторыяй і культурай. Ён разлічаны і на пашырэнне ўзаемадзеяння з беларускай дыяспарай, якая пражывае ў Францыі.

Галоўнай падзеяй Беларускага тыдня стане тэатралізаваны паказ у штаб-кватэры ЮНЕСКА, намечаны на 24 чэрвеня. Ён пройдзе з удзелам заслужанага калектыву Беларусі "Гродзенская капэла" і шоу-балета "Феерыя" з Мінска і будзе звязаны з тэматыкай XVIII-XIX стагоддзяў. Паказ прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, чый юбілей унесены ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА. Паказ будзе арганізаваны сумесна з музеем "Замкавы комплекс "Мір", які адзначае сёлета 15-годдзе ўнясення ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

На адной з цэнтральных плошчаў Парыжа - Тракадэра - 25 чэрвеня ў рамках нацыянальнай акцыі "Заспяваем гімн разам" пасольства арганізуе калектыўнае выкананне гімна Беларусі з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары і сяброў краіны ў Францыі.

У гэты ж дзень пасольства Беларусі ў Францыі сумесна з пасольствам Расіі ў Францыі пры падтрымцы музея "Замкавы комплекс "Мір" правядзе памятны вечар і выстаўку, прысвечаныя князю Пятру Вітгенштэйну - аднаму з гістарычных уладальнікаў Мірскага замка. Спецыяльна для мерапрыемства музей "Замкавы комплекс "Мір" прывязе ў Парыж унікальную калекцыю фатаграфій, звязаных з Пятром Вітгенштэйнам, многія з якіх захоўваюцца ў прыватных калекцыях і будуць прадстаўлены шырокай публіцы ўпершыню. Памятны вечар пройдзе ў суправаджэнні музыкантаў "Гродзенскай капэлы" і артыстаў шоу-балета "Феерыя".

Акрамя таго, 26 і 27 чэрвеня пасольства пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі арганізуе ў Парыжы адно з самых старажытных беларускіх свят - Купалле. На мерапрыемстве выступяць ансамбль беларускай народнай песні "Церніца" і беларускі музыкант, саліст, які пражывае ў Парыжы, Аляксандр Меркуль. Госці свята прымуць удзел у абрадавых карагодах і гульнях, выкананні народных песень. Беларускае Купалле, якое пройдзе ў Парыжы ўжо другі раз, не абыдзецца і без самых вядомых яго абрадаў: адбудзецца спуск кветкавых вянкоў у воды Сены насупраць Эйфелевай вежы.

Завяршальным акордам Беларускага тыдня стане правядзенне 1 ліпеня сумесна з французскай асацыяцыяй "Заўтра вясна" спектакля з удзелам французскіх студэнтаў і артыстаў, якія вывучалі акцёрскае майстэрства ў Беларусі.

Беларускі тыдзень у Парыжы пройдзе пры спонсарскай падтрымцы беларускіх і французскіх кампаній.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс