23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Плывец Максім Малышка прынёс камандзе Беларусі першы залаты медаль Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў Паўночнай Македоніі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Наш спартсмен стаў мацнейшым на дыстанцыі 200 м брасам. Малышка паказаў лепшы час па выніках папярэдніх заплываў, а таксама атрымаў перамогу на паўфінальнай стадыі. У фінале Максім фінішаваў першым з рэзультатам 2 мін. 16,88 сек. Другое месца з адставаннем 2,5 сек. заняў украінец Канстанцін Федзючук, тройку прызёраў замкнуў чэх Сіман Студнічка.
Раней, 22 ліпеня, Аліна Несцяровіч узяла серабро ў стральбе з пнеўматычнага пісталета, а напярэдадні Арсеній Ліванцоў стаў бронзавым прызёрам у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
Усяго Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль сабраў у Скоп'і каля 1700 юных спартсменаў з 49 краін ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Нашу краіну прадстаўляюць 46 атлетаў. Спаборніцтвы ў Паўночнай Македоніі прадоўжацца па 26 ліпеня.