2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларус Уладзіслаў Грыб заваяваў медаль чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, што праходзіць у Індыі, сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Наш лёгкаатлет стаў бронзавым прызёрам у кіданні булавы ў класе F51 (сярод калясачнікаў). У лепшай спробе Грыб адправіў снарад на 28,70 метра і заняў трэцяе месца сярод дзевяці фіналістаў. Стаўшага чацвёртым мексіканца Марыа Рамоса Уладзіслаў апярэдзіў на 20 сантыметраў. Перамогу з кідком на 30,36 м атрымаў серб Аляксандр Радзішыч, другі рэзультат паказаў чэмпіён Паралімпіяды-2024 з Індыі Дхарамбір Наін (29,71). Раней на чэмпіянаце свету Грыб стаў шостым у кіданні дыска, год таму на Гульнях у Парыжы беларус двойчы ўваходзіў у дзясятку лепшых.
Пасля шасці дзён планетарнага форуму па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі ў актыве нашай каманды тры медалі (0-2-1). Сярэбраныя медалі ў скачках у даўжыню заваявалі Ігар Саўчук (Т12, парушэнні зроку) і Дзмітрый Барташэвіч (Т44, пашкоджанні ніжняй канечнасці). Спаборніцтвы ў Нью-Дэлі завершацца 5 кастрычніка.