28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі інвестыцыйны форум пройдзе ў Мінску 15-16 лістапада. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі.
У Беларусь плануецца запрасіць прадстаўнікоў замежнага бізнесу, фінансавых інстытутаў, міжнародных арганізацый. У час форуму-2012 ім будзе прадастаўлена поўная і дакладная інфармацыя аб інвестыцыйным патэнцыяле краіны, у тым ліку аб магчымасцях, якія адкрываюцца ў сувязі з фарміраваннем 170-мільённага агульнага рынку Адзінай эканамічнай прасторы, будуць прапанаваны на разгляд буйныя інвестпраекты. Асобна адбудзецца прэзентацыя інвестыцыйных магчымасцей сталіцы Беларусі ў рамках Мінскага інвестыцыйнага дня 15 лістапада.
Шосты Беларускі інвестыцыйны форум прадоўжыць традыцыі папярэдніх такіх мерапрыемстваў, якія праходзілі па чарзе ў Мінску і буйнейшых фінансавых сталіцах свету (Лондане, Франкфурце-на-Майне). Але прадугледжваецца і шэраг новаўвядзенняў, адзначылі ў агенцтве.
У бягучым годзе абноўлены фармат мерапрыемства. Задача стаіць не толькі прэзентаваць магчымасці Беларусі, але і ўважліва вывучыць і ўлічыць пажаданні патэнцыяльных інвестараў у кантэксце прыходу на беларускі рынак. З гэтай мэтай асноўным фарматам работы выбраны круглы стол з увядзеннем інстытута незалежнага мадэратара з ліку аўтарытэтных міжнародных экспертаў. Такім чынам, пад эгідай форуму-2012 будзе арганізавана пляцоўка для адкрытага дыялога паміж прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, нацыянальным бізнесам і замежнымі інвестарамі.
Акрамя таго, у час форуму запланавана правядзенне пасяджэння Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях, што таксама падкрэслівае нацэленасць дзяржаўнай палітыкі ў галіне прыцягнення інвестыцый на патрэбнасці замежнага інвестара.
Яшчэ адной асаблівасцю цяперашняга форуму з'яўляецца арыентацыя на прыцягненне інвестыцый у інавацыйную эканоміку. З гэтай мэтай у бягучым годзе прадугледжваецца правядзенне асобных секцый па такіх галінах, як інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, фармацэўтычная прамысловасць і індустрыя біятэхналогій. Упершыню ў фармаце нацыянальнага форуму будуць абмяркоўвацца перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з буйнымі міжнароднымі інвестыцыйнымі фондамі і іншымі фінансавымі інстытутамі.
Другое новаўвядзенне форуму-2012 - правядзенне Startup Day. Гэта своеасаблівы маладзёжны беларускі інвестыцыйны форум, у рамках якога патэнцыяльным інвестарам будуць прадстаўлены інавацыйныя бізнес-праекты маладых прадпрымальнікаў. Упершыню пад найбольш перспектыўныя стартап-праекты плануецца выдзяленне ўрадавага гранта.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|