Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Nov 2020

Беларускі дзіцячы хоспіс запусціў новы праект па абароне правоў цяжкахворых дзяцей

Беларускі дзіцячы хоспіс запусціў новы праект па абароне правоў цяжкахворых дзяцей
Фота з архiва

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзіцячы хоспіс запусціў новы праект па абароне правоў цяжкахворых дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў хоспісе.

Праект накіраваны на абарону і падтрымку асноўных правоў і патрэбнасцей адной з самых слабаабароненых груп у беларускім грамадстве - дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і захворваннямі, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця. Непасрэдную падтрымку атрымаюць больш за 1,5 тыс. такіх дзяцей і іх сем'яў ва ўсіх рэгіёнах краіны, што забяспечыць абарону і захаванне іх правоў, а таксама павысіць якасць іх жыцця.

Як расказала кіраўнік праекта Марыя Барынава, будзе створана сетка рэгіянальных спецыялістаў па сацыяльнай рабоце і сацыяльным суправаджэнні, што акажуць прававую падтрымку і дапамогу сем'ям, якія пражываюць нават у самых далёкіх кутках Беларусі. Плануецца распрацоўка нацыянальнай сістэмы маніторынгу для забеспячэння прызнання і абароны правоў і патрэбнасцей дзяцей, якія пражываюць у інтэрнатных установах.

Запланаваны шэраг ключавых мерапрыемстваў, што будуць рэалізоўвацца камандай праекта пры падтрымцы нацыянальных кансультантаў і міжнародных экспертаў. У прыватнасці, будуць праведзены даследаванні патрэбнасцей цяжкахворых дзяцей і іх сем'яў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пройдуць адукацыйныя мерапрыемствы для членаў каманды праекта, лідараў бацькоўскіх ініцыятыў, спецыялістаў, якія даглядаюць дома цяжкахворых дзяцей, медыцынскага персаналу і спецыялістаў, якія працуюць у дзіцячых інтэрнатных установах, што дасць магчымасць палепшыць якасць аказваемых паслуг. Плануецца вывучэнне паспяховага вопыту грамадскага маніторынгу інтэрнатных устаноў у Расіі, правядзенне інфармацыйных грамадскіх кампаніі і інш.

На заключнай канферэнцыі будуць падведзены вынікі праекта, рэзультаты праведзенай работы, а таксама прадстаўлена распрацаваная і адаптаваная мадэль абароны правоў цяжкахворых дзяцей.

"Мы верым, што да канца праекта тэхнічны і арганізацыйны патэнцыял службаў паліятыўнай дапамогі ў Беларусі будзе значна палепшаны, а правы дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці будуць шырока прызнаны па ўсёй краіне", - адзначыла Марыя Барынава. Праект створыць пляцоўку для навучання, абмену вопытам, каардынацыі і вырашэння актуальных пытанняў, звязаных са становішчам цяжкахворых дзяцей з інваліднасцю для ўсіх зацікаўленых бакоў: прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сацыяльнай сферы, бацькоўскіх супольнасцей, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Беларусі, СМІ.

Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ў партнёрстве з дабрачыннай арганізацыяй HealthProm (Вялікабрытанія), а таксама мясцовымі партнёрамі - асветнай праваабарончай установай "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", Магілёўскім абласным аддзяленнем рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускі дзіцячы фонд" і рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем бацькоў неданошаных дзяцей "Рана".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі