15 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Беларускі Чырвоны Крыж рыхтуецца адкрыць гарачую тэлефонную лінію для прыбыўшых з Украіны ў нашу краіну. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Віктар Калбанаў.
Гарачая лінія з кароткім нумарам 201 пачне працаваць ужо на наступным тыдні - па будных днях з 19.00 да 21.00. Падрыхтавана 7 валанцёраў, у далейшым іх штат будзе павялічвацца.
Паводле слоў Віктара Калбанава, чакаецца, што сярод абанентаў тэлефоннай лініі будуць жыхары "гарачых" украінскіх рэгіёнаў, якія маюць намер прыехаць у Беларусь, а таксама людзі, якія прыбылі з Украіны і знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны. Яны змогуць атрымаць кансультацыі па хвалюючых іх пытаннях адносна магчымасці пражывання, атрымання тых або іншых мер падтрымкі, працаўладкавання і г.д. Па гэтым нумары могуць тэлефанаваць і жыхары Беларусі, якія хочуць аказаць дапамогу вымушаным перасяленцам з суседняй краіны грашовымі сродкамі, адзеннем і прадметамі першай неабходнасці для жыхароў Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі.
Генеральны сакратар БТЧК лічыць, што кароткі нумар 201 будзе запатрабаваны - аб гэтым сведчыць вялікая колькасць зваротаў на электронны адрас БТЧК, а таксама ўсё большая колькасць званкоў як у цэнтральны офіс, так і ў абласныя арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|