Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Oct 2018

"Беларусьфільм" прадставіць новыя стужкі на "Лістападзе-2018"


23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" прадставіць свае новыя стужкі ў праграмах XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кінастудыі.

У час "Лістапада-2018" пакажуць некалькі новых фільмаў рэжысёраў кінастудыі. У прыватнасці, асноўны конкурс дакументальнага кіно адкрые неігравы фільм Віктара Аслюка "Беларуская Атлантыда". Пазаконкурсная карціна "Правілы геймера" Ігара Чацверыкова дасць старт конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік". Альманах дэбютных работ маладых аўтараў "Вайна. Застацца чалавекам" увайшоў у лік ігравых карцін нацыянальнага конкурсу. Дарэчы, у альманах уключаны фільмы Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, Ігара Васільева, Кацярыны Тарасавай, Дзмітрыя Федаровіча. У праграме анімацыйных фільмаў нацыянальнага конкурсу таксама прадставяць пяць беларускіх работ, чатыры з якіх створаны на кінастудыі "Беларусьфільм". Гэта "Ваўчок" Ігара Волчака, "Лагодны воўк" Наталлі Дарвінай, "Азбука небяспекі. Выкраданне ў госці" Таццяны Кубліцкай, "У Палессі на балоце", над якой працавалі Раман Бурмакоў, Руслан Сінкевіч, Святлана Катлярова і Марта Герашчанка.

У пазаконкурснай праграме дакументальнага кіно гледачы азнаёмяцца з неігравымі стужкамі беларускіх рэжысёраў розных гадоў, якія аб'яднаны ў праграму "Залаты юбілей "Летапісу". У ёй прадэманструюць фільмы "Ва ўсе дні" Міхаіла Жданоўскага, "Гуд бай, СССР" Аркадзя Рудэрмана, "Завядзёнка" Галіны Адамовіч, "Круг" Сяргея Пятроўскага, "Мы жывём на краі" Віктара Аслюка і "Насельнікі", якую зняў Артавазд Пелешан.

Прадстаўнікі "Беларусьфільма" будуць таксама ацэньваць фільмы-канкурсанты. Сярод членаў судзейскай каманды асноўнага конкурсу ігравога кіно галоўны рэдактар студыі кінакрытык Антон Сідарэнка. У журы асноўнага конкурсу дакументальнага кіно ўвайшла рэжысёр Галіна Адамовіч, "Лістападзіка" - рэжысёр Алена Турава. "А з 3 па 7 лістапада на "Беларусьфільме" пройдуць мерапрыемствы індустрыяльнай платформы Bel:Cinema. Адбудуцца прэзентацыі адукацыйных праектаў для сцэнарыстаў, майстар-класы па фестывальнай стратэгіі, сустрэчы з гасцямі і членамі журы Мінскага МКФ", - адзначылі на кінастудыі.

XXV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лiстапад" пройдзе ў беларускай сталіцы з 2 па 9 лістапада пад слоганам "Пазнаваючы белы свет" і будзе прысвечаны вядомаму рэжысёру Кіры Муратавай. Асноўнымі пляцоўкамі форуму ў гэтым годзе стануць кінатэатры "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Масква", "Беларусь", Falcon Club Буцік Кіно і Музей гісторыі беларускага кіно. Заснавальнікі "Лістапада" - Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі