4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы Арменіі Ерэване завяршыўся чэмпіянат свету па боксе сярод спартсменаў не старэйшых за 16 гадоў, удзел у якім прымалі беларускія баксёры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У заключны дзень турніру адбыліся 13 фінальных паядынкаў. Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўлялі 17 баксёраў, да бою за золата дабраўся толькі Іван Сіняк, які выступае ў вагавой катэгорыі да 66 кг. На стадыі адной восьмай фіналу беларус адолеў карэйца Се Дзін Хонга, у чвэрцьфінале Сіняк перамог Абубакра Гафурава з Таджыкістана, а ў паўфінале быў мацнейшым за мексіканца Дэвіда Торэса. Сапернікам Івана па паядынку за чэмпіёнства стаў мясцовы баксёр Аргішці Хакабян, які і атрымаў перамогу аднагалосным рашэннем суддзяў. У беларуса - серабро.
Такім чынам, на юніёрскім чэмпіянаце свету па боксе беларускія спартсмены заваявалі два медалі: раней бронзавым прызёрам планетарнага форуму ў вазе да 80 кг стаў Андрэй Румянцаў. Пятыя месцы ў сваіх катэгорыях занялі нашы Сяргей Заяц (да 46 кг), Цімур Сянкевіч (да 57 кг), Уладзіслаў Каураў (да 60 кг), Ангеліна Гізоўская (да 46 кг), Вікторыя Коваль (да 57 кг) і Марыя Блізнюк (да 60 кг). Усяго ўдзел у спаборніцтвах у Арменіі прынялі 357 баксёраў з 51 краіны, якія разыгралі 26 камплектаў узнагарод (па 13 у хлопцаў і дзяўчат).