27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін перад пачаткам пасяджэння Рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне расказаў журналістам, чым здзівіць маштабная выстава да 80-годдзя Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Дзмітрыя Шляхціна, падрыхтоўка да святкавання 80-годдзя Перамогі ідзе вельмі інтэнсіўна. "Арганізавана ўся неабходная работа з улікам тых даручэнняў, якія былі дадзены на папярэдніх арганізацыйных камітэтах. З красавіка пачынаецца актыўная фаза - рэпетыцыйныя працэсы ўжо будуць відаць грамадскасці, - адзначыў першы намеснік міністра. - Усе рашэнні, якія былі неабходны для арганізацыі правядзення цэнтральных мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прыняты ўжо. Цяпер мы актыўна працуем над іх рэалізацыяй".
Асноўная задача Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - арганізацыя гістарычнага блока выставы да 80-годдзя Перамогі на плошчы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. "Тут работа таксама ідзе даволі інтэнсіўна", - падкрэсліў прадстаўнік Мінкультуры.
Дзмітрый Шляхцін звярнуў увагу, што гэта будзе не зусім прывычная музейная экспазіцыя, якую можна ўбачыць у самім Музеі гісторыі ВАВ. Для наведвальнікаў рыхтуюць шмат сюрпрызаў. "Гэта будзе выстава, насычаная рознымі інтэрактыўнымі мультымедыйнымі тэхналогіямі, якія будуць спецыяльна стварацца менавіта для гэтай выставы, у тым ліку кантэнт. Гэта тое, чаго не было раней нідзе. Аднаго героя партызанскага руху на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з дапамогай тэхналогій мы нават "ажывім". Раней мы яго ведалі толькі на фатаграфіях, а цяпер у нас з'явіцца магчымасць убачыць яго ў выглядзе галаграмы", - падзяліўся планамі ён.
Як паведамляў раней Дзмітрый Шляхцін, выстава дазволіць паказаць прадметы часоў ВАВ, якія або вельмі даўно не выстаўляліся, або не выстаўляліся наогул. Плануецца, што ў міжнародным цэнтры беларусы змогуць азнаёміцца з экспанатамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ, Нацыянальнага гістарычнага музея, мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой" і рэгіянальных музеяў.