Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Стд 2018

Атлас фартоў крэпасці Брэст-Літоўск рассакрэціў матэрыялы 100-гадовай даўнасці

10 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Атлас фартоў крэпасці Брэст-Літоўск рассакрэціў матэрыялы стагадовай даўнасці, паведамілі БЕЛТА ў мясцовым дабрачынным фондзе "Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці".

Аснову навукова-папулярнага выдання "Атлас крепости Брест-Литовск: Том 3. Фортовый период (1876-1915)" склалі ўнікальныя матэрыялы, якія амаль сотню гадоў праляжалі пад грыфам "Сакрэтна" ў буйнейшых ваенных архівах Масквы і Санкт-Пецярбурга, ваенным архіве Польшчы. Большасць матэрыялаў публікуецца ўпершыню. Яны былі сабраны ў перыяд работы над іншым праектам фонду - "Інвентарызацыя і дакументацыя фартоў і ўмацаванняў крэпасці Брэст-Літоўск". У выніку трохгадовых архіўных і палявых даследаванняў супрацоўнікі фонду апрацавалі больш за 10 тыс. спраў, выявілі 226 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, атрымалі 128 чарцяжоў, карт і больш за 500 прафесійных фатаграфій.

Кніга пераважна складаецца з візуальнага матэрыялу, які адлюстроўвае гісторыю фартовага перыяду крэпасці Брэст-Літоўск і яе ўмацаванняў. Гэта карты, схемы, чарцяжы, старыя і сучасныя фатаграфіі стратэгічных фартыфікацыйных аб'ектаў. У атласе прадстаўлены дэталі будаўніцтва крэпасці, аснашчэнне яе артылерыяй і абсталяваннем, расказваецца пра ўплыў многіх асоб на яе развіццё. Візуальны рад суправаджае тлумачальны тэкст. Так, у выданні можна азнаёміцца з картамі праектаў і планаў крэпасці, казарм і фартоў, уключаючы дэталёвыя чарцяжы, здымкамі інжынераў, будаўнікоў і ваеннаслужачых.

Кніга мае практычны інтарэс для гісторыкаў, краязнаўцаў, спецыялістаў па ахове спадчыны, урбаністаў, архітэктараў, музейных работнікаў, выдаўцоў, спецыялістаў па турызме, а таксама бібліятэк, навуковых і навучальных устаноў.

Атлас выйшаў абмежаваным тыражом, а таму яго распрацоўшчыкі вырашылі выдаць дадатковы тыраж кнігі пры дапамозе краўндфандынгавай платформы Ulej.by. Частку выручаных сродкаў плануецца накіраваць на выданне дзвюх іншых кніг: "Том I. История возникновения города Берестье" і "Том II. История крепости Брест-Литовск". Праект ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Пасольскага фонду захавання культурнай спадчыны (ЗША), атэля "Эрмітаж" пры ўдзеле заснавальнікаў Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі