Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Снж 2021

Арыгінальны экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі прадстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы

Арыгінальны экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі прадстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы
Фота nlb.by

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Той самы падарунак да 1000-годдзя" адкрылася 14 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Так званая Радзівілаўская Біблія - самае прыгожае, дарагое, маштабнае беларускае выданне XVI-ХІХ стагоддзяў. Яно ўбачыла свет у 1563 годзе ў Брэсцкай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага і ў далейшым атрымала сусветную славу і прызнанне як шэдэўр эпохі Адраджэння.

Упершыню ў Мінску ў шырокай грамадскасці ёсць магчымасць убачыць арыгінальны экзэмпляр знакавага для беларускай культуры кніжнага помніка - Брэсцкай Бібліі. Яна была падорана на тысячагоддзе Брэста ў 2019 годзе Прэзідэнтам Беларусі.

"Гэта вельмі важны і хвалюючы дзень, мы ўпершыню выстаўляем арыгінальны экзэмпляр Брэсцкай Бібліі. Гэта не толькі ўнікальны помнік кніжнага мастацтва, але і свяшчэнная рэліквія. Дзякуючы супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі кніга пераведзена ў лічбавы фармат, што дасць магчымасць навукова-культурнай грамадскасці папрацаваць з гэтым матэрыялам", - падзялілася дырэктар Музея гісторыі горада Брэста Святлана Тамчук.

"Да сённяшняй экспазіцыі мы ішлі доўга. Было шмат сумненняў, наколькі можна рарытэт XVI стагоддзя перамяшчаць паміж гарадамі. Цяпер такі час, калі культура не мае меж, аднак такое выданне не можа знаходзіцца ў адкрытым доступе доўгі час, таму спецыяльна для Радзівілаўскай Бібліі Музей гісторыі горада Брэста набыў вітрыну з актыўным мікракліматам, які ўвесь час кантралюецца. Прыемна, што разам з супрацоўнікамі ўстановы нам удалося ажыццявіць яшчэ некалькі ідэй. За два гады мы стварылі электронную копію ў добрай якасці, правялі навуковыя і бібліяграфічныя апісанні, рэстаўратары прааналізавалі стан кнігі. Спадзяюся, што гэта дапаможа зрабіць яе народнай", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара НББ Аляксандр Суша.

Убачыць выданне ў Мінску можна на працягу тыдня - па 21 снежня, а потым Біблія вернецца ў Брэст. "Кніга стала брэндам горада. Як вядома, праходзяць тэматычныя канферэнцыі, круглыя сталы. Перад абласной бібліятэкай пастаўлены помнік Брэсцкай Бібліі. З'явіліся шматлікія сувенірныя прадукты. У абласным цэнтры таксама праводзяцца экскурсійныя праграмы, напрыклад "Брэст - горад Бібліі". Такім чынам мы назіраем фенаменальную з'яву - вяртанне народу памяці аб частцы сваёй культурнай спадчыны", - звярнуў увагу Аляксандр Суша.

Разам са спецыяльна дастаўленым з Брэста ўнікальным экзэмплярам на выставе будзе экспанавацца факсімільнае выданне Брэсцкай Бібліі, выпушчанае да святкавання тысячагоддзя горада над Бугам. Дакладна ўзноўлены памер, знешні выгляд, рукапісныя надпісы і паметкі арыгінала, па старажытных тэхналогіях уручную выкананы спецыяльны пераплёт. Экзэмпляр дапоўнены культуралагічным даследаваннем Аляксандра Сушы "Асэнсаванне шэдэўра".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі