Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Aug 2018

Амаль 90 касманаўтаў з 19 краін прымуць удзел у міжнародным кангрэсе ў Мінску

Фота НАН

28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 90 касманаўтаў з 19 краін прымуць удзел у 31-м міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе ў Мінску 9-15 верасня. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Самыя вялікія дэлегацыі чакаюцца з Расіі і ЗША, таксама будуць госці з Германіі, Нідэрландаў, Швецыі, Аўстрыі, Кітая і іншых дзяржаў", - сказаў Сяргей Кілін.

"У ліку знакамітых касманаўтаў, якія наведаюць Беларусь у верасні, будзе Святлана Савіцкая - першая жанчына, якая выйшла ў адкрыты космас. Прыедуць першы кітайскі касманаўт Ян Лівэй, экс-рэкардсмен па знаходжанні ў адкрытай касмічнай прасторы Сяргей Крыкалёў. Будзе і такая легендарная асоба, як Віктар Савіных, які рэанімаваў станцыю "Салют-7". Многія касманаўты пасля палёту займаліся палітычнай і навуковай дзейнасцю, таму ў ліку нашых гасцей будуць былы французскі міністр і былы рэктар універсітэта ў Штутгарце. Чакаем і амерыканскага астранаўта Скота Келі, які разам з расійскім касманаўтам Міхаілам Карніенкам правёў на арбіце амаль год, даследуючы, як арганізм рэагуе на доўгую адсутнасць гравітацыі", - адзначыў ён.

У панядзелак, 10 верасня, пройдзе цырымонія адкрыцця кангрэса ў НВЦ "Белэкспа". Запланаваны тэхнічныя сесіі, прысвечаныя агляду міжнароднай касмічнай праграмы, абмеркаванню вынікаў палётаў на МКС, касмічнай навуцы. У сераду, 12 верасня, касманаўты сустрэнуцца з беларускімі школьнікамі і студэнтамі. Акрамя таго, у час кангрэса адбудзецца адкрыццё Алеі касманаўтаў у Батанічным садзе і манумента на вул. Касманаўтаў, прысвечанага беларускім удзельнікам касмічных палётаў. Таксама для гасцей запланаваны экскурсіі па знакавых мясцінах Беларусі і культурная праграма. Афіцыйная частка кангрэса завершыцца цырымоніяй закрыцця.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў - міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб'ядноўвае касманаўтаў з многіх краін, створаная ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі