Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

27 Сак 2017

Амаль 40 юных піяністаў стануць удзельнікамі конкурсу "Бах і ХХІ стагоддзе" ў Полацку

27 сакавіка, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Амаль 40 юных піяністаў стануць удзельнікамі ІІ Адкрытага абласнога дзіцячага фартэпіяннага конкурсу "Бах і ХХІ стагоддзе" ў Полацку Віцебскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

З 28 па 30 сакавіка музей-запаведнік праводзіць конкурс у намінацыі "фартэпіяна сола". "На ўдзел у конкурсе падалі заяўкі 13 навучальных устаноў 8 гарадоў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Да спаборніцтваў дапушчаны 41 піяніст. Выступаць яны будуць у чатырох узроставых групах - да 9, да 11, да 13 і да 16 гадоў", - расказалі арганізатары.

Журы конкурсу другі раз узначаліць нямецкая піяністка прафесар Веймарскай вышэйшай школы музыкі імя Ф. Ліста Герліндэ Ота. Вопытная піяністка і масціты педагог, яна не раз выбіралася членам журы нацыянальных і міжнародных конкурсаў, майстар-класы Герліндэ Ота з поспехам праходзяць у Нарвегіі, Румыніі, Турцыі, Карэі, Кітаі, Канадзе, а цяпер і ў Беларусі.

Мэты конкурсу - выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей і моладзі, стварэнне ўмоў для развіцця і рэалізацыі творчага і культурнага патэнцыялу, папулярызацыя класічнай музыкі і творчасці І.С. Баха, прэзентацыя гісторыка-культурнай спадчыны старажытнага Полацка і ў цэлым Усходняй Еўропы.

Творчае спаборніцтва юных піяністаў - адно з мерапрыемстваў юбілейнага ХХХ Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які пройдзе ў канцэртнай зале Сафійскага сабора Полацка з 28 сакавіка па 27 красавіка. У гэтым годзе фестываль прысвечаны 1155-годдзю Полацка.

Як паведамлялася, у праграме фестывалю 7 канцэртаў. Чакаюцца выступленні музыкантаў з Беларусі, Германіі, Італіі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы і Бразіліі. 28 сакавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора пройдзе фартэпіянны канцэрт нямецкай піяністкі Герліндэ Ота.

Урачыстае адкрыццё юбілейнага фестывалю адбудзецца 4 красавіка - у Полацку выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі (дырыжор - народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў). У канцэрце творы праслаўленых рускіх кампазітараў Пятра Чайкоўскага і Сяргея Рахманінава. 7 красавіка ў Полацку чакаюць міжнародны калектыў пад назвай Auner Quartett, у складзе якога музыканты з Аўстрыі, Бразіліі, Польшчы і Беларусі. Чацвёрты канцэрт фестывальнай праграмы называецца "Душа на кончыку смыка" - музыканты з Беларусі і Францыі выканаюць творы Роберта Шумана, Іаганеса Брамса, Марыса Равеля і інш. 20 красавіка ў Полацку будзе гучаць музыка выдатных італьянцаў Антоніа Вівальдзі і Джавані Пергалезі. Выканаюць яе ансамбль "Вівальдзі" Беларускага саюза музычных дзеячаў, хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі Таццяна Гаўрылава (сапрана), Наталля Акініна (мецца-сапрана), а таксама вядомая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая. У фестывальнай праграме выступленні італьянскага арганіста Эўджэніа Марыя Фаджыяні і камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр". На заканчэнне фестывалю 27 красавіка ў Сафійскім саборы з музыкай эпохі Адраджэння выступіць ансамбль старадаўняй музыкі The Playfords з Германіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі