Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Врс 2018

Амаль 200 выданняў Бібліі на розных мовах свету экспануюцца ў Мінску

Амаль 200 выданняў Бібліі на розных мовах свету экспануюцца ў Мінску

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету - помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не дэманстраваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прадстаўлены на выстаўцы "Беларусь і Біблія" ў Нацыянальнай бібліятэцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў на цырымоніі адкрыцця дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, каля 200 унікальных рукапісных і старадрукаваных рарытэтаў кніжнай культуры, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі, змогуць убачыць наведвальнікі выстаўкі да 21 кастрычніка. "На гэтай выстаўцы нам хацелася б прадставіць Біблію як кнігу агульначалавечых каштоўнасцей, важных для народаў усяго свету. Незалежна ад прыналежнасці да канфесій, ад таго, на якой мове гаворым, мы ўсе аб'яднаны каштоўнасцямі, што шануюцца стагоддзямі", - сказаў ён.

Намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко ў сваю чаргу адзначыў, што ў экспазіцыі выстаўкі ганаровае месца займаюць беларускія экспанаты. Дасягненні айчыннай кніжна-пісьмовай культуры паказаны як неад'емная частка агульнасусветнай духоўнай спадчыны. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспануюцца рукапісныя Торы, Евангеллі, Апосталы XVІ-XXІ стст., выданні беларускага першадрукара Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Свяшчэннага Пісання лепшымі майстрамі XVІ-XXІ стст.

Паводле слоў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, нацыянальная беларуская біблейская школа ўнікальная тым, што яна ўключае як усходнюю, так і заходнюю традыцыі перакладаў Святога Пісання. Адкрыццё ў Мінску міжнароднай выстаўкі "Беларусь і Біблія" лагічна - гэта азначае, што ўклад краіны ў папулярызацыю Бібліі і Святога Пісання высока ацэнены, сказаў ён.

Напісаныя 5-4 тыс. гадоў таму клінапісам на гліняных таблічках тэксты з Ура - радзімы Аўраама; арыгінальны рукапіс "бібліі Антычнасці" - "Іліяды" Гамера - папірус на грэчаскай мове; унікальныя скруткі Мёртвага мора ("Кумранскія рукапісы"), якім больш за 2 тыс. гадоў і якія захоўваюць самыя раннія тэксты большасці кніг Старога запавету; самыя старажытныя фрагменты Новага запавету (II-III стст. н.э.); біблейскія рукапісы на старажытных мовах: грэчаскія, лацінскія, копцкія, самарыцянскія, армянскія, індыйскія, кітайскія і іншыя; арыгіналы Біблій Гутэнберга, Лютэра і Скарыны; першадрукаваныя кнігі многіх народаў і краін, першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы; старажытныя беларускія біблейскія рукапісы і старадрукаваныя кнігі; амаль усе пераклады Бібліі на беларускую мову; арыгіналы гравюр Альбрэхта Дзюрэра, Сальвадора Далі і іншых знакамітых мастакоў, зробленыя на біблейскія сюжэты - гэта ўсё складае ўнікальную калекцыю.

Выстаўка арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з некамерцыйнай арганізацыяй "Група даследавання рукапісаў" (Manuscript Research Group, ЗША). Частка экспанатаў прадстаўлена з 11 дзяржаўных і прыватных калекцый ЗША, Вялікабрытаніі і Ізраіля.

Наведаць унікальную міжнародную выстаўку "Беларусь і Біблія" змогуць уладальнікі чытацкага білета бібліятэкі, а таксама яе экскурсанты без дадатковай платы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі