Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Врс 2023

Амаль 10 тыс. удзельнікаў з 16 краін ужо зарэгістраваліся на Мінскі паўмарафон

Амаль 10 тыс. удзельнікаў з 16 краін ужо зарэгістраваліся на Мінскі паўмарафон
Фота з архiва

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 10 тыс. удзельнікаў з 16 краін ужо зарэгістраваліся на Мінскі паўмарафон, які пройдзе ў сталіцы 10 верасня і стане адным са знакавых мерапрыемстваў святкавання Дня горада. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Таццяна Ярмолік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Акрамя прадстаўнікоў СНД, заявіліся на дыстанцыі госці з Латвіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Канады і іншых дзяржаў.

Усяго, як чакаецца, Мінскі паўмарафон збярэ амаль 15 тыс. чалавек. У мінулым годзе ён змяніў прапіску, і ўжо другі раз удзельнікі будуць стартаваць насупраць Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама".

"Унесены толькі некаторыя змяненні. Старт і збор удзельнікаў будзе на вул. Кірава, а фініш - на вул. Ульянаўскай з забегам на лёгкаатлетычнае ядро стадыёна", - адзначыла Таццяна Ярмолік.

Як і раней, у праграме тры дыстанцыі: 5 км, 10 км і непасрэдна паўмарафон - 21 км. Яны пройдуць па цэнтральных вуліцах горада. Старт забегаў на 21 км і 10 км назначаны на 9.00, на 5 км - у 12.00. Таксама адбудзецца сямейны забег. Самыя юныя ўдзельнікі змогуць выйсці на старт сімвалічнай дыстанцыі 1,4 км і пераадолець яе разам са сваімі бацькамі. Час старту - 13.00, на яго запрашаюць дзяцей ад 0 да 12 гадоў. "Кожнае дзіця на фінішы атрымае свой запаветны медаль", - адзначыла Таццяна Ярмолік.

Арганізатары адзначаюць, што Мінскі паўмарафон - лепшая магчымасць даведацца пра Мінск і яго славутасці, дыхаць з горадам ва ўнісон і адчуць яго падтрымку. Выдача стартавых пакетаў адбудзецца з 7 па 10 верасня на стадыёне "Дынама", узнагароджанне 10 верасня (у тым ліку ва ўзроставых катэгорыях - гэта адна з асаблівасцей цяперашніх стартаў) - там жа з 11.00.

Першы паўмарафон у беларускай сталіцы прайшоў у 2013 годзе. Рэкордным стаў забег 2019 года - больш за 40 тыс. бегуноў з 68 краін. У 2020 годзе традыцыйнае вераснёўскае мерапрыемства не адбылося з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. У 2021 годзе паўмарафон вярнуўся, праўда, з абмежаваннямі па колькасці ўдзельнікаў - да 10 тыс. Як адзначаюць госці, з кожным годам якасць правядзення гэтага мерапрыемства расце.

Мінскі паўмарафон - адна з самых маштабных спартыўных падзей Беларусі. Гэта своеасаблівая візітная картка сталіцы. "Жыхары з гэтым мерапрыемствам знаёмы. Усіх запрашаем прыняць удзел, усім павінна спадабацца", - адзначыла Таццяна Ярмолік.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі