7 жніўня, Вілейка /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Вілейскі раён паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі. Сярод іх была шматдзетная сям'я Філістовічаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксей і Алеся Філістовічы выхоўваюць адзінаццаць родных дзяцей. Сям'я ўзяла ўчастак у вёсцы, вядзе сваю гаспадарку. Аляксей прызнаецца: атрымліваецца пакуль не ўсё, але рукі не апускаюць і імкнуцца максімальна ўладкаваць камфортны побыт. "Узялі ўчастак - 50 гектараў зямлі. Распрацавалі пакуль 20. Мы прыйшлі вам сказаць вялікі дзякуй", - звярнуўся шматдзетны бацька да Прэзідэнта.
"Дзяцей адзінаццаць, 20 гектараў зямлі - малайчына!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета сям'я Філістовічаў атрымала ад Мінскага аблвыканкама нечаканы і вельмі патрэбны падарунак - прасторны мікрааўтобус, у якім бацькі лёгка змогуць перавозіць усіх дзяцей. А адна з дачок, Кацярына, папрасіла старшыню аблвыканкама Аляксея Кушнарэнку паціснуць ад яе імя руку кіраўніку дзяржавы. Але так склалася, што змагла гэта зрабіць асабіста - у час размовы з Прэзідэнтам. А яшчэ дзяўчынка прызналася, што ў будучым хоча стаць кранаўшчыцай. Аляксандр Лукашэнка ацаніў такі незвычайны выбар. "Ну ты і зрабіла крок! А я ж вышыні баюся", - сказаў ён.
На заканчэнне шматдзетная сям'я зрабіла фота на памяць з Прэзідэнтам. "Адзінаццаць дзяцей - гэта рэдкасць, малайчына", - зноў адзначыў Аляксандр Лукашэнка.