Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

21 Лют 2022

Ад работ Шагала да вуліцы Рэспубліка Беларусь. Дзе можна знайсці часцінку Беларусі ў розных краінах свету

Ад работ Шагала да вуліцы Рэспубліка Беларусь. Дзе можна знайсці часцінку Беларусі ў розных краінах свету
Швейцарыя, Т.Касцюшка. Фота МЗС Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі запусціла ў сацыяльных сетках акцыю да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Беларускія дыпмісіі за мяжой і звычайныя грамадзяне пад хэштэгам #паБЕЛАРУСКУ расказваюць і паказваюць, што куткі роднай краіны можна сустрэць ва ўсіх дзяржавах.

"Сцвярджаюць, што Беларусь - гэта краіна плошчай крыху большай за 207 тыс. кв.км і працягласцю 560 км з поўначы на поўдзень і 650 км з захаду на ўсход. Але гэта геаграфічны міф, які МЗС Беларусі гатова рашуча развянчаць", - заявілі ў міністэрстве.

Дзе ж можна знайсці часцінку Беларусі ў розных краінах свету? Вось толькі некаторыя прыклады.

Грузія

У грузінскім горадзе Цхалтуба ёсць свой бальнеалагічны курорт. Тут, можна сказаць, зараджаліся культурныя сувязі паміж Беларуссю і Грузіяй. Паколькі Цхалтуба стаў месцам натхнення беларускага паэта Янкі Купалы. 

Кітай

Прычыніцца да беларускай паэзіі можна і ў Кітаі. У 2018 годзе ў Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў быў устаноўлены бюст Якуба Коласа, які стаў першым помнікам беларусу ў Кітаі. Сёння Цяньцзіньскі ўніверсітэт уваходзіць у тройку кітайскіх ВНУ, дзе студэнты вывучаюць беларускую мову.

А на плошчы ў кампусе Сычуаньскага ўніверсітэта замежных моў можна знайсці цытату беларускага класіка: "Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш".

У студзені 2020 года ў Пекінскім універсітэце замежных моў адкрылі помнік Янку Купалу. На базе ўстановы працуе Цэнтр вывучэння Беларусі, усяго ў Кітаі 14 такіх цэнтраў.

Яшчэ адзін помнік Янку Купалу ёсць у Сіаньскім універсітэце замежных моў. Яго выканаў беларускі скульптар Віктар Копач. Яшчэ адну работу майстра можна сустрэць у Пекінскім міжнародным парку, называецца скульптура "Любоўны запал". Усяго на тэрыторыі парку выстаўлена больш за 200 скульптур з 40 краін.

Малдова

У Кішынёве ўстаноўлены бюст вядомага беларускага вучонага і культурнага дзеяча Францыска Скарыны. Яго можна знайсці ў скверы насупраць будынка пасольства Беларусі.

Фінляндыя

Янка Купала ў чэрвені 1910 года разам з іншымі вядомымі дзеячамі зрабіў падарожжа ў Фінляндыю па маршруце Санкт-Пецярбург - Тэрыёкі - Выбарг - Іматра. Натхнёны выглядам велічнага вадаспада на рацэ Вуокса, ён напісаў верш "Над Іматрай".

У 2018 годзе ў фінскім горадзе Іматра адкрылі мемарыяльны знак паэту.

Францыя

Беларусь стала месцам нараджэння вядомых мастакоў, якія сталі прадстаўнікамі так званай Парыжскай школы жывапісу. Сярод іх ураджэнец Віцебска Марк Шагал.

Арыгінальныя работы Шагала ўпрыгожваюць сусветныя тэатры, у тым ліку галоўны тэатр французскай сталіцы і адну з найвялікшых оперных сцэн свету. Гэта Гранд-Апера, або Апера Гарнье.

Туркменістан

У гандлёвым цэнтры "Чандыбіль" у Ашхабадзе ўжо больш за 10 гадоў працуе Беларуска-туркменскі гандлёвы дом. Дзякуючы яму жыхары Туркменістана ведаюць і цэняць якасць і смак беларускіх прадуктаў.

Польшча

У гонар 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ў Гданьску ў 2007 годзе ўстанавілі помнік класіку беларускай літаратуры. На помніку, які ўяўляе сабой ружова-шэры валун, прыводзіцца цытата з верша паэта: "Мне сняцца сны аб Беларусі".

Ізраіль

Яшчэ адзін помнік беларускаму класіку устаноўлены ў Ізраілі. У 2015 годзе ён упрыгожыў адну з плошчаў горада Ашдод, якая ўжо 10 гадоў мае імя народнага паэта Беларусі.

Швейцарыя

У швейцарскім горадзе Золатурн правёў апошнія гады жыцця вядомы ўраджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка - адзін з арганізатараў паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, удзельнік Вайны за незалежнасць ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. Памяць аб дзейнасці Касцюшкі і яго ролі ў гісторыі захоўваецца ў многіх краінах.

У 1936 годзе ў Золатурне адкрылі дом-музей Тадэвуша Касцюшкі і мемарыяльную дошку.

Японія

У японскім горадзе Хакадатэ ўстаноўлены помнік сыну беларускай зямлі выдатнаму дыпламату, мовазнаўцу і першаму консулу Расійскай Імперыі ў Японіі Іосіфу Гашкевічу. У XIX стагоддзі ён заснаваў першы ў Японіі праваслаўны храм, а таксама адзін з першых даследаваў японскую мову. Разам з жонкай ён садзейнічаў распаўсюджванню ў Японіі славянскай культуры, традыцый і звычаяў.

Узбекістан

Беларускі паэт Якуб Колас шмат сваіх твораў напісаў ва Узбекістане. Ён жыў у гэтай краіне ў 1941-1943 гадах, знаходзячыся разам з сям'ёй у эвакуацыі. У Ташкенце ўстаноўлены бюст народнага паэта і пісьменніка Беларусі. Імя класіка беларускай літаратуры таксама мае адна з цэнтральных вуліц узбекскай сталіцы.

Аргенціна

У аргенцінскім горадзе Берыса ёсць нават вуліца Рэспубліка Беларусь. Берыса - частка агламерацыі вялікага Буэнас-Айрэса, сімпатычны прыгарад на беразе заліва. Яго вуліцы да гэтага часу называюць у гонар краін і гарадоў.

Індыя

Усім мінчанам вядома плошча Бангалор. А вось у гэтым індыйскім горадзе ёсць плошча Мінск. Гэтыя два гарады, якія знаходзяцца на адлегласці каля 6,3 тыс.км адзін ад аднаго, звязваюць пабрацімскія сувязі.

Турцыя

У самым цэнтры турэцкай сталіцы - Цытадэлі Анкары - размясціўся "Беларускі куток". Гэта месца, дзе кожны жадаючы можа азнаёміцца з творамі выяўленчага мастацтва беларускіх майстроў.

Венгрыя

А вы ведалі, што пасольства Беларусі ў Венгрыі знаходзіцца за 100 м ад... Мінска? Дакладней, ад плошчы Мінска.

Аўстрыя

Шэдэўры беларускіх мастакоў можна знайсці і ў Вене. У пастаяннай экспазіцыі сусветна вядомай мастацкай галерэі Альберціна выстаўлены работы прадстаўнікоў віцебскай школы Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Мікалая Суеціна.

Інданезія

У Інданезіі няма помнікаў вялікім беларускім дзеячам. Але тут можна сустрэць вялікія беларускія самазвалы - БЕЛАЗы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі