Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Feb 2015

Абноўлены спектакль "Адвечная песня" пачынае жыццё на сцэне тэатра беларускай драматургіі

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абноўлены спектакль "Адвечная песня" пачынае жыццё на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў тэатры.

Музычны спектакль, прэм'ера якога адбылася ў 2002 годзе, да гэтага часу карыстаецца нязменнай увагай публікі. Больш як за 10 гадоў свайго існавання пастаноўка атрымала мноства ўзнагарод на розных міжнародных фестывалях. Сярод іх Гран-пры на IX Міжнародным тэатральным фестывалі "Галасы гісторыі" ў расійскай Волагдзе і Гран-пры VII Тэатральнага фестывалю міжнароднага Чарнаморскага клуба Homo Ludens.

Гледачы ўбачаць новыя касцюмы герояў, новыя дэкарацыі, пачуюць выкананне ў новай аранжыроўцы аўтарства групы "Палац". Кампазітар - Цімур Каліноўскі.

Спектакль "Адвечная песня" - музычны, усе артысты ў ім спяваюць. Немагчыма не вылучыць Бэлу Шпінер, чыё опернае выкананне давяршае і без таго яркі паказ. Сучасная беларуская фольк-опера, якая ўяўляе сабой унікальны сінтэз народных матываў і рок-музыкі, расказвае пра лёс Чалавека ад нараджэння і да смерці.

Абноўленая версія сучаснай беларускай фальк-оперы закранае глядацкую аўдыторыю магутнай энергетыкай. Вядомы твор Янкі Купалы ў пастаноўцы рэжысёра Сяргея Кавальчыка публіка глядзіць, затаіўшы дыханне, і складана знайсці ў зале таго, хто выходзіць з тэатра абыякавым. Такую задачу і ставіў перад сабой рэжысёр.

Паэма класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы "Адвечная песня" нарадзілася ў 1908 годзе. Але і сёння актуальна яе гучанне як твора, які прымушае шукаць адказы на вечныя пытанні аб каштоўнасці жыцця і ролі ў ім лёсу.

У спектаклі заняты практычна ўвесь склад трупы. Галоўную ролю Мужыка іграе заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігаў. На сцэне таксама народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, Віктар Багушэвіч, Алёна Баярава, Настасся Баброва, Людміла Сідаркевіч і іншыя. Першы паказ абноўленага спектакля "Адвечная песня" адбудзецца на сцэне тэатра сёння ўвечары.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі