Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ

ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ

ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ
25 Лют 2016

Адзін з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя – Іван Мележ – падарыў нацыянальнай літаратуры нямала таленавітых твораў, сярод якіх навелы і апавяданні, п'есы і раманы, дзённікі і артыкулы. Але, мабыць, галоўнай у яго асабістым лёсе і любімай сярод розных пакаленняў чытачоў стала трылогія "Палеская хроніка", у якой Мележ так тонка і самабытна, як ніхто іншы, расказаў аб родным беларускім Палессі і яго жыхарах. Раманы "Людзі на балоце", "Подых навальніцы" і "Завеі, снежань" былі перакладзены на рускую, казахскую, нямецкую, кітайскую і іншыя мовы, дзякуючы чаму пра Мележа даведаліся ў свеце...

Ён нарадзіўся ў маленькай вёсачцы Глінішча на гомельскім Палессі - сярод бяскрайніх балот, дзе стагоддзямі людзям жылося цяжка і небяспечна, але па-свойму цікава. Унікальная прырода, супярэчлівая гісторыя, уклад жыцця і асаблівы нораў палешукоў сталі для аўтара натхненнем на ўсё жыццё.

Свае першыя буйныя творы Іван Мележ напісаў яшчэ ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі быў на фронце і бачыў усе жахі і боль на свае вочы. А летам 1942-га атрымаў сур'ёзнае раненне і ледзь не застаўся без правай рукі. Але знайшоўся хірург, які нібы прадчуваў: таленавітаму пісьменніку яе неабходна захаваць.

Стаўшы папулярным аўтарам, Іван Мележ неаднойчы сутыкаўся з неразуменнем чыноўнікаў і цэнзурай, выкрэсліваў "непажаданыя" фрагменты і зноў аднаўляў першапачатковыя варыянты сваіх кніг, падоўгу чакаў выдання. Але прадаўжаў пісаць. І ў 1956 годзе пачаў работу над каларытным раманам "Людзі на балоце", які паклаў пачатак яго "Палескай хроніцы" і выйшаў у свет у 1961-м. Праз пяць гадоў быў завершаны "Подых навальніцы", а пазней на дзесяцігоддзе расцягнулася работа над трэцяй кнігай цыкла "Завеі, снежань". У планах было яшчэ два раманы, але, на жаль, дапісаць "Палескую хроніку", як і ўвасобіць іншыя ідэі з накідаў дзённіка, Іван Мележ не паспеў: яму было ўсяго 55, калі жыццё абарвалася...

У 1980-я яшчэ большую вядомасць і любоў "Палеская хроніка" Мележа заваявала дзякуючы экранізацыям беларускага рэжысёра Віктара Турава з бліскучым акцёрскім складам і неверагодна тонкім паказам палескага жыцця, аб якім пісаў аўтар. Поўнаметражныя кінастужкі і шматсерыйную тэлеверсію паглядзелі мільёны гледачоў.

...Сёння кнігі Івана Мележа прадаўжаюць чытаць, вывучаць, знаходзіць у яго тэкстах усё новыя грані і сэнсы. Імем народнага пісьменніка Беларусі названы вуліцы ў Мінску, Хойніках і іншых гарадах, школа ў роднай вёсцы, гімназія і бібліятэка ў Гомелі, драматычны тэатр у Мазыры. Многія гады госці з розных краін прыязджаюць у дом-музей пісьменніка ў Глінішча, а ў горадзе Хойнікі могуць убачыць скульптурную кампазіцыю з вобразамі герояў рамана "Людзі на балоце". Для маладых беларускіх пісьменнікаў яшчэ ў 1980 годзе была заснавана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа...

У лютым 2016-га Івану Мележу споўнілася б 95 гадоў, і юбілей таленавітага пісьменніка стаў не толькі нагодай для творчых сустрэч па ўсёй краіне, але і яшчэ адной знакавай датай у календары Года культуры.

У нашай галерэі - архіўныя кадры з жыцця Івана Мележа, фотаэкскурсія на яго малую радзіму і яркія падзеі ў гонар юбілею знакамітага палешука...

ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ
ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ
ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ
ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: Іван Мележ
Рэжысёр Віктар Тураў (справа) на здымках тэлевізійнай версіі "Палескай хронікі" паводле рамана Івана Мележа. 1984 год
1 2 3 4      Наступная