Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Захоўваючы традыцыі Беларусі: знакамітыя сапоцкінскія пісанкі і сакрэты старадаўняй тэхналогіі размалёўкі велікодных яек

Захоўваючы традыцыі Беларусі: знакамітыя сапоцкінскія пісанкі і сакрэты старадаўняй тэхналогіі размалёўкі велікодных яек

Захоўваючы традыцыі Беларусі: знакамітыя сапоцкінскія пісанкі і сакрэты старадаўняй тэхналогіі размалёўкі велікодных яек
15 Крс 2020

Адзін з галоўных сімвалаў велікоднага стала – рознакаляровыя (часцей чырвоныя) яйкі, якія гаспадыні ўпрыгожваюць ажурнымі малюнкамі. А ў аграгарадку Сапоцкін на Гродзеншчыне напярэдадні галоўнага хрысціянскага свята майстрыхі ствараюць карычневыя і нават чорныя маляванкі з белымі ўзорамі, якія ў 2013 годзе атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Даведацца больш аб старадаўняй тэхналогіі і яе сакрэтах, убачыць больш за 1500 аўтарскіх велікодных яек, а таксама навучыцца азам размалёўкі можна ў мясцовым Музеі пісанкі.

Сёння знакамітыя пісанкі – гордасць не толькі жыхароў Сапоцкіна (гарадок знаходзіцца за 20 км ад абласнога цэнтра), але і ўсяго Гродзенскага краю. Менавіта тут зарадзілася асаблівая тэхналогія размалёўкі велікодных яек, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. На першы погляд яна надзвычай простая, а інструменты, што выкарыстоўваюцца, немудрагелістыя. Перад фарбаваннем курыныя яйкі адварваюць і старанна прамываюць у вадзе, а затым апускаюць у "ржавы" адвар, які гатуюць пасля Масленіцы. Такую афарбоўку яму надаюць асаблівыя інгрэдыенты – кара дубу і алешыны, а таксама ржавыя цвікі, якія заліваюць вадой і на месяц-паўтара ставяць у халоднае месца.

Напярэдадні Вялікадня гаспадыні вяртаюцца да сваіх клопатаў і бяруцца за самае цікавае – стварэнне мудрагелістых узораў. Яны наносяцца на паверхню яйка з дапамогай іголкі, шпількі або самаробнай палачкі з прымацаваным да яе цвіком, намочаных у растопленым пчаліным воску. З-пад пяра таленавітых сапоцкінскіх майстрых на цёмнай паверхні яйка, нібы на палатне, нараджаюцца фантазійныя валошкі і дзьмухаўцы, яловыя лапкі і галіначкі, а абрамляе іх ажурная сетка. Дзякуючы шматгадоваму вопыту рука ўжо не памыляецца, таму некаторыя гаспадыні паспяваюць стварыць да 200 святочных яек як для сям’і, так і ў падарунак блізкім.

У нашы дні гэтаму ўнікальнаму рамяству навучаюць на майстар-класах уМузеі пісанкі Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра. Тут жа можна натхніцца багатай калекцыяй велікодных яек – гусіных, страусавых і нават перапёлчыных! Усяго больш за 1,5 тысячы экспанатаў, падораных як самімі аўтарамі, так і неабыякавымі наведвальнікамі, у тым ліку замежнымі гасцямі. Сярод экспанатаў, напрыклад, ёсць незвычайнае велікоднае яйка з макароны і твор сербскага стаматолага – пісанка ў выглядзе пустога яйка, упрыгожанага арнаментам з соцень дзірачак, прасвідраваных бор-машынай.

Віртуальная экскурсія па Музеі пісанкі ў Сапоцкіне – у рэпартажы!

Сапоцкінскі культурна-турыстычны цэнтр
Захоўваючы традыцыі Беларусі: знакамітыя сапоцкінскія пісанкі і сакрэты старадаўняй тэхналогіі размалёўкі велікодных яек
Экскурсавод Настасся Бугвіна дэманструе велікоднае яйка, выкананае з макароны
Велікоднае яйка, выкананае з макароны
Музей пісанкі ў аграгарадку Сапоцкін Гродзенскага раёна
1 2 3 4      Наступная