У Кафедральным касцёле святога Францішка Ксаверыя – знакамітай архітэктурнай і рэлігійнай славутасці Гродна – аднавілі яшчэ адну частку старэйшага ў Беларусі алтара, гісторыя якога налічвае ўжо больш як тры стагоддзі.
Унікальны алтар, поўнасцю створаны з дрэва, у ліпені 2006 года пацярпеў ад пажару. Агонь тады пашкодзіў амаль 20 квадратных метраў плошчы, у тым ліку знішчыўшы тры знакамітыя фігуры: апосталаў Фамы і Якава і мецэната алтара Самуіла Лазовага. З таго часу ў галоўным каталіцкім храме Гродна прадаўжаецца рэстаўрацыя, дзякуючы якой святыня зноў паўстае перад прыхаджанамі ў гістарычным абліччы.
У час урачыстага богаслужэння 22 лістапада тут адкрыўся алтар Святой Троіцы, які абнавілі трэцім пасля галоўнага алтара і алтара Міхаіла Архангела. Над яго аднаўленнем працавалі лепшыя майстры-цесляры з Беларусі і Польшчы. Алтар поўнасцю разабралі: пацярпелыя ад часу і насякомых часткі з абсалютнай дакладнасцю замянілі на новыя, выкарыстоўваючы толькі тыя пароды дрэва, з якіх першапачаткова былі выраблены дэталі. У ходзе рэстаўрацыі пасля зняцця некалькіх слаёў шэрай фарбы майстры ўбачылі, што першапачаткова алтар быў пазалочаным. І менавіта гэты ззяючы колер святыня набыла пасля абнаўлення.
Перад вернікамі паўсталі фігуры апосталаў Пятра і Паўла, святых Іаана Евангеліста, Ісідора, Дамініка… На ўрачыстым богаслужэнні святыню асвяціў біскуп Гродзенскай каталіцкай епархіі Аляксандр Кашкевіч.