Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Галоўная інтрыга "Славянскага базару": уладальнік Гран-пры і лаўрэаты конкурсу "Віцебск-2018" названы на легендарнай сцэне Летняга амфітэатра

Галоўная інтрыга "Славянскага базару": уладальнік Гран-пры і лаўрэаты конкурсу "Віцебск-2018" названы на легендарнай сцэне Летняга амфітэатра

Галоўная інтрыга
16 Ліп 2018

Суткі напралёт фестывальнае жыццё ў Віцебску не змаўкала ні на хвіліну: выставы, канцэрты, тэатральныя сустрэчы, маладзёжныя арт-парады... Аднак па традыцыі да самай цырымоніі закрыцця інтрыга "Славянскага базару" захоўвалася за конкурсам маладых выканаўцаў "Віцебск-2018". У гэтым годзе за званнем пераможцы ў горад на Дзвіне прыехалі вакалісты з 21 краіны, і толькі 15 з іх удалося прайсці ў фінал, выступіць на сцэне знакамітага амфітэатра і пазмагацца за галоўны прыз. А ён, дарэчы, уручаецца далёка не заўсёды, бо, згодна з умовамі, журы мае права не прысуджаць Гран-пры. І гэты нюанс робіць віцебскі конкурс яшчэ больш цікавым, хвалюючым і непрадказальным!

У 2018-м міжнароднае журы – як заўсёды зорнае і аўтарытэтнае – узначаліў народны артыст Расіі, Малдовы, Украіны кампазітар і аўтар-выканаўца Аляксандр Марозаў. Да яго далучыліся папулярная спявачка і актрыса Наталля Арэйра (Уругвай), прыма казахскай сцэны Роза Рымбаева, спявак і тэлевядучы Раберціна Ларэці (Італія), тэлевядучая і прадзюсар Вольга Шлягер (Беларусь). І тры вечары запар яны слухалі, глядзелі, ацэньвалі, уважліва назіралі за тымі, каму гэты "Славянскі базар" павінен прынесці заслужаны поспех.

Пачаткам вакальнага марафону 13 ліпеня стаў паўфінал на сцэне канцэртнай залы "Віцебск": на суд журы і гледачоў выканаўцы з 21 краіны прадставілі песню на роднай мове. Асабліва яркае ўражанне аб сабе пакінулі ўкраінка Міла Ніціч з песняй "Распрагайце, хлопцы, коней", эмацыянальныя спевакі з Егіпта і Мальты Тарэк Ясер і Керт Калея, літовец Гражвідас, які даўно хацеў прыняць удзел у віцебскім конкурсе, Сільвія з Польшчы, якая марыць аб сапраўдным пачуцці, і іншыя. Яркай экзотыкі конкурсу дабавілі мексіканка Дафне Селада і Махамед з Гвінеі, які, дарэчы, пачаў займацца вакалам усяго два гады таму... Але ў фінал журы прапусціла не ўсіх: у лік 15 шчасліўчыкаў не ўвайшлі канкурсанты з Босніі і Герцагавіны, Грэцыі, Мексікі, Азербайджана, Гвінеі, Егіпта.

А далей топ-15 вакалістаў уключыліся ў двухдзённы фінал на галоўнай сцэне "Славянскага базару". У першы вечар канкурсанты выканалі славянскі хіт у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. У другі – 15 ліпеня – у Летнім амфітэатры іх галасамі гучалі любімыя кампазіцыі з рэпертуару сусветных зорак. І набраныя канкурсантамі балы сапраўды стварылі інтрыгу!

Па выніках фіналу ў топ лепшых змаглі прабіцца беларус Яўген Курчыч і Сільвія з Польшчы, падзяліўшы паміж сабой трэцяе прызавое месца (151 бал). Украінка Міла Ніціч была ўдастоена другой прэміі (154). А вось пакарылі сэрцы журы і гледачоў румын Марчэл Рошка і казахстанец Амрэ, якія набралі па 156 балаў. І толькі да цырымоніі закрыцця фестывалю суддзі прынялі канчатковае рашэнне – Гран-пры "Славянскага базару"-2018 заваяваў Марчэл Рошка, а таленавіты Амрэ вязе з Віцебска першую прэмію.

Дафіе Селада (Мексіка)
Ляман Абасзадэ (Азербайджан)
Керт Калея (Мальта)
Гражвідас (Літва)
Сільвія (Польшча)
Папярэдняя       1 2 3 4 5  [6..11]      Наступная