Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Дзень Незалежнасці Беларусі: самыя ўражальныя, кранальныя, незабыўныя моманты галоўнага свята з усёй краіны

Дзень Незалежнасці Беларусі: самыя ўражальныя, кранальныя, незабыўныя моманты галоўнага свята з усёй краіны

Дзень Незалежнасці Беларусі: самыя ўражальныя, кранальныя, незабыўныя моманты галоўнага свята з усёй краіны
3 Ліп 2018

Дзень Незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята і, без перабольшання, асабліва значны дзень у гісторыі беларускага народа – 3 ліпеня адзначала ўся краіна. Маштабна, ярка, душэўна і цёпла – нават нягледзячы на тое, што ўсе святочныя выхадныя ў сталіцы і па ўсёй Беларусі практычна не спыняўся дождж і стаяла прахалода. Урэшце, і ў гэтым многія бачылі толькі добры знак, бо і ў беларусаў, і ў многіх народаў свету дождж здаўна сімвалізуе дабрабыт, ачышчэнне, благаславенне.

"Гаворыць і паказвае Мінск!" – віталі вядучыя мільёны гледачоў ля экранаў і тысячы жыхароў і гасцей сталіцы, якія з самай раніцы сабраліся ля стэлы "Мінск – горад-герой". Менавіта тут па традыцыі разгарнуліся самыя відовішчныя падзеі Дня Незалежнасці – урачысты ваенны парад і святочны паказ, прысвечаныя галоўнаму святу краіны і 74-й гадавіне вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944-га. З году ў год парад нагадвае беларусам: залпы гармат павінны грымець толькі ў час свят, а ваенная авіяцыя – падымацца толькі ў мірнае неба. Пры гэтым парад – гэта яшчэ і дэманстрацыя абароннай моцы дзяржавы, гатовай, у выпадку неабходнасці, абараніць свой народ.

Каля 4 тысяч ваеннаслужачых, 250 адзінак баявой тэхнікі, 19 пешых і 23 парадных разлікаў – урачысты парад войскаў Мінскага гарнізона ўразіў маштабамі. Адкрываючы святочны марафон, Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што свята незалежнасці з'яўляецца "сімвалам мужнасці і стойкасці беларускага народа, пераемнасці пакаленняў і вернасці абавязку". Кіраўнік дзяржавы заявіў аб міралюбівай палітыцы краіны і імкненні да міжнароднага дыялогу, а таксама падкрэсліў гатоўнасць Беларусі адстаяць суверэнітэт і незалежнасць.

У складзе механізаванай калоны гледачы ўбачылі танкі Т-72Б, бронетранспарцёры БТР-70 МБ1 і БТР-80, лёгкабраніраваныя аўтамабілі (CS/VN3 "Дракон", "V1" МЗКЦ-49100), а таксама легендарны танк Т-34-85, прататып таго самага, на якім 3 ліпеня 1944 года ўварваўся ў Мінск камандзір узвода Дзмітрый Фролікаў. Сярод прадстаўленых узораў тэхнікі былі і навінкі айчыннага ваенпрама – самаходны рабатызаваны процітанкавы комплекс "Багамол", ракетны комплекс "Шэршань", беспілотнікі "Бусел" і "Буравеснік", сістэма "Граза–С", гарматы 2С5 "Гіяцынт" і гаўбіцы 2С1 "Гваздзіка", 2С19 "Мста-С" і рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз"...

Упершыню ў парадзе прынялі ўдзел жанчыны, якія служаць беларускай арміі, навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і кадэцкіх карпусоў, а таксама нашы госці – ваеннаслужачыя Народна-вызваленчай арміі Кітая і, што ўжо стала традыцыяй, у складзе паветранага эшалона ў неба падняліся лётчыкі Паветрана-касмічных сіл Расіі. Віртуознае майстэрства прадэманстравалі і лепшыя беларускія пілоты на баявых верталётах Мі-8МТВ-5, Мі-24, знішчальніках МіГ-29, штурмавіках Су-25, ваенна-транспартных Іл-76 і Ан-26, вучэбна-баявых Як-130 і трэніровачных Л-39...

Завяршыўся ваенны парад уражальным пляц-канцэртам роты ганаровай варты і выступленнем зводнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі.

Яркім прадаўжэннем свята стаў тэатралізаваны паказ "Мой родны кут". Каля 2 тысяч чалавек – студэнты і школьнікі, вакальныя выканаўцы і харэаграфічныя калектывы прадставілі маляўнічае шоу на тэму малой радзімы і адзінства рэгіёнаў краіны. Плошчу запоўнілі дзеці ў адзенні з назвамі гарадоў Беларусі – як увасабленне будучыні краіны, а ў фінале маляўнічага дзейства ў мінскае неба ўзляцела тысяча паветраных шароў у форме сэрца, размаляваных у колеры дзяржаўнага сцяга.

А далей Дзень Незалежнасці прадоўжыўся сотнямі святочных мерапрыемстваў, сямейных і сяброўскіх сустрэч па ўсёй краіне. Вечарам ля галоўнага сталічнага абеліска пачаўся гала-канцэрт, які аб'яднаў зорак і маладых артыстаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Кульмінацыяй шоу сталі традыцыйная акцыя "Спяём гімн разам" і святочны салют. Неба над Мінскам і абласнымі гарадамі агні расквецілі за гадзіну да паўночы.

Цырымонія ўскладання вянкоў з нагоды Дня Незалежнасці ў Брэсцкай крэпасці-героі
Народныя гулянні ў гонар Дня Незалежнасці ў Мінску
Народныя гулянні ў гонар Дня Незалежнасці ў Мінску
Народныя гулянні ў гонар Дня Незалежнасці ў Мінску
Гала-канцэрт у гонар Дня Незалежнасці ў Мінску
Папярэдняя       [1..6]    6 7 8 9      Наступная