Беларускаму арнаменту – узору-шыфру, які аб'яднаў мноства старажытных сімвалаў – прысвечана ўжо стаўшае традыцыйным свята "Дзень вышыванкi", што адзначаецца напярэдадні Дня Незалежнасці. Нанесены на нацыянальнае адзенне і прадметы побыту беларусаў арнамент – не проста ўпрыгажэнне. Здаўна кожны яго матыў нёс у сабе пэўны пасыл: нашы продкі лічылі, што энергетыка арнаменту можа стаць абярэгам для чалавека, засцерагчы ад нягод і прынесці радасць. Беларускія ўзоры – своеасаблівая народная азбука. У кожнага – сваё значэнне, нязменная толькі аўтэнтычная колеравая палітра: вогненна-чырвоны (колер сонца, які нясе жыццёвую сілу) на белым фоне (сімвал чысціні). Дарэчы, толькі з канца XIX стагоддзя ў арнаментах беларусаў з'явіўся адцяняльны чорны, а ў аздабленні адзення пачалі сустракацца сіні і жоўты.
На каларытным свяце вышыванкі ў Мінску можна было адчуць увесь "смак" беларускіх традыцый: пакаштаваць нацыянальныя стравы ў "Беларускай карчме", адчуць "Смак роднай мовы" ў літаратурнай гасцёўні, зазірнуць на выстаўку аўтэнтычных аграсядзіб і ўпрыгожыць сябе арнаментам-абярэгам у салоне "Родныя ўзоры". Нацыянальныя беларускія гульні і майстар-класы ад народных умельцаў, лялечны тэатр "Батлейка" і пляцоўка пад адкрытым небам "Краіна дзяцінства" не пакінулі абыякавымі маленькіх гасцей свята.
Атмасферу Дня вышыванкі ствараў флэш-моб "Усе ў вышыванках", які запрашаў жадаючых прымераць адзенне з беларускім каларытам. Этнаматывы ў адзенні падтрымалі і беларускія дызайнеры: на галоўнай сцэне прайшло дэфіле мадэлей "Вянок прыгажосцi". Творчую эстафету перанялі беларускія эстрадныя, фолк- і фолк-рок-групы, арганізаваўшы маштабны канцэрт "Беларусь – крыніца натхнення".
Свята беларускай самабытнасці і народнай культуры – Дзень вышыванкі – у фотарэпартажы!