Грандыёзны юбілей пагранвойскаў і прафесійнае свята – Дзень пагранічніка – адзначаюць сёння вартавыя рубяжоў Беларусі. Роўна 100 гадоў таму – 28 мая 1918-га – быў падпісаны дэкрэт "Аб заснаванні пагранічнай аховы", які ініцыіраваў фарміраванне 2-й (Віцебскай) акругі пагранічнай аховы – адзінай на той момант на тэрыторыі Беларусі. Знакавым жа ў гісторыі "зялёных берэтаў" краіны стаў 1995 год, калі ўказам Прэзідэнта ад 26 мая быў зацверджаны Дзень пагранічніка.
Святочныя мерапрыемствы ў гонар 100-годдзя пагранічнай службы пачаліся яшчэ напярэдадні: 27 мая ў сталічным парку імя Горкага разгарнулася маштабная праграма. Мінчане і госці горада ўбачылі эфектны пляц-канцэрт роты ганаровай варты, а таксама, каб акунуцца ў будні вартавых дзяржаўнай граніцы, – паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў, дэманстрацыю ўзбраення, баявой наземнай тэхнікі і пагранічных катараў, рэканструкцыю рыцарскіх баёў і шмат іншага.
Ужо сёння ў сталіцы пройдуць афіцыйныя мерапрыемствы. Камандаванне і афіцэры Дзяржпагранкамітэта, ветэраны-пагранічнікі ўскладуць вянкі да манумента Перамогі, а воіны граніцы аддадуць даніну памяці загінулым воінам-інтэрнацыяналістам на Востраве мужнасці і смутку. У той жа дзень стартуе эстафета "100 гадоў на варце граніц Айчыны": на працягу месяца група пабывае ва ўсіх падраздзяленнях дзяржграніцы (а гэта больш за 40 населеных пунктаў!). Завершыцца акцыя ў гістарычны дзень – 22 чэрвеня – у Брэсцкай крэпасці-героі.
Святкаванне вялікага юбілею пагранічнай службы – у нашым рэпартажы.