Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Хатынь... 75 год з дня трагедыі спаленай вёскі, якая стала сімвалам смутку і болю Беларусі

Цяжкія ўспаміны

Цяжкія ўспаміны
18 Сак 2018

"У 1943-м мне было каля сямі гадоў. Можа, крыху больш. Дагэтуль не ведаю, калі нарадзіўся. Дакументы ж згарэлі. Ды і не памятаю нічога да таго страшнага дня. Як быццам нехта ўзяў і адным махам сцёр усё з памяці. Нават бацькоў. Спрабую прыгадаць хаця б іх твары, але не атрымліваецца. У сям'і было чацвёра дзяцей: два браты, сястра і я самы малы. Тое, што адбылося з Хатынню, цяжка было прадказаць. Усё здарылася нечакана. У той дзень у вёсцы былі партызаны. Мы з бацькам пайшлі на ток ён рэзаў сечку, а я гушкаўся на арэлях, якія тата змайстраваў для мяне. І раптам пачуліся стрэлы, некалькі выбухаў. Партызан, які сядзеў побач, спахапіўся, стрэліў у паветра і пракрычаў: "Фашысты". Бацька ўзяў мяне за руку, і мы пабеглі дадому. Вярнуліся, зачыніліся і ўсёй сям'ёй спусціліся ў склеп. Але схавацца ад карнікаў не ўдалося. Спачатку яны проста стукалі, потым выламалі дзверы, вывелі на вуліцу і пагналі ў вялікае калгаснае гумно. Паколькі наша хата стаяла на самай ускраіне з левага боку, давялося ісці практычна праз усю вёску. Гітлераўцы не шкадавалі нікога. Бачыў, як пад дуламі аўтаматаў яны гналі старых, жанчын і дзяцей. Ніводны дарослы не змог схавацца. Толькі трое дзяцей Саша Жалабковіч, Валодзя Яскевіч і яго сястра Соня змаглі ўцячы", расказваў у інтэрв'ю "Знамя юности" ў 2015 годзе Віктар Андрэевіч Жалабковіч.

"Калі гналі, і ўявіць не мог, што нас чакае. Як толькі ўсе вяскоўцы апынуліся ў гумне, фашысты зачынілі яго. Я трымаўся каля маці, мы засталіся ля самых дзвярэй. А браты і сястра разам з бацькам пайшлі ўглыб пабудовы. Мне было відаць праз шчыліну, як карнікі падносілі каністры з бензінам і аблівалі сцены, падкідвалі сена. Саламяны дах успыхнуў імгненна. Усё загарэлася, затрашчала. Як жа ўсе крычалі! Словамі не перадаць. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Пад націскам дзясяткаў людзей дзверы не вытрымалі і ўпалі. У палаючым адзенні, ахопленыя жахам, хатынцы спрабавалі ўцякаць, але дарэмна. Фашысты бязлітасна расстрэльвалі іх з аўтаматаў і кулямётаў. Мы з маці выскачылі з гумна і трапілі пад шквал агню. Далёка ўцячы не ўдалося, упалі. Ад страху прыціснуўся да матчынага цела і адчуў рэзкі штуршок. Гэта была куля, якая забіла маці, а мяне кранула па плячы. Я шапнуў: мяне параніла. Але ў адказ нічога не пачуў. Вакол стаяў жудасны чалавечы стогн. Я ляжаў тварам уніз і паступова адпаўзаў да матчыных ног, на ёй ужо гарэла адзенне, а на мне пачала тлець шапка. Не памятаю, колькі праляжаў на зямлі. Калі падняўся, убачыў ад'язджаючых карнікаў і паласу дагараючых дамоў. Уся вуліца была ў агні. Паўсюль ляжалі абгарэлыя целы. Нехта яшчэ рухаўся, нехта прасіў піць. Але чым тады мог дапамагчы ім сямігадовы хлапчук? Каб гэтага не бачыць, хацеў схавацца, але не было дзе. Прабыў так да раніцы, пакуль не прыйшлі жыхары суседніх вёсак", расказвае цяжкія факты са свайго жыцця Віктар Жалабковіч. "У арміі ў мяне "з'явіўся" дзень нараджэння 7 лістапада. Камандзір упісаў у асабовую справу ў гонар свята. Да гэтага значылася проста другая палавіна 1934 года", адзначае жыхар Хатыні.

У жывых пасля трагічных падзей 22 сакавіка застаўся і 12-гадовы Антон Бараноўскі. Ён быў паранены ў нагу разрыўной куляй, гітлераўцы прынялі яго за мёртвага, што і выратавала жыццё дзіцяці. Абгарэлых, параненых Антона Бараноўскага і Віцю Жалабковіча падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасля вайны дзеці выхоўваліся ў дзіцячым доме г.п. Плешчаніцы. Антон Бараноўскі пазней жыў у Мінску, трагічна загінуў у 1969 годзе.

Хатынь... 75 год з дня трагедыі спаленай вёскі, якая стала сімвалам смутку і болю Беларусі
Хатынь... 75 год з дня трагедыі спаленай вёскі, якая стала сімвалам смутку і болю Беларусі
Хатынь... 75 год з дня трагедыі спаленай вёскі, якая стала сімвалам смутку і болю Беларусі
Выстаўка "Хатынь – святыня нацыянальнай памяці" ў Мінску
Скульптура Паўла Вайніцкага "Няскораная"
Папярэдняя       1 2 3 4      Наступная