Пакуль за вокнамі пануе зіма – яшчэ на мінулым тыдні ў Беларусь прыйшлі 20-градусныя маразы і снежныя мяцеліцы – у цяпліцах беларускіх гаспадарак чакаюць сваёй гадзіны тысячы кветак. Разам з першымі днямі каляндарнай вясны набліжаецца самае пяшчотнае свята года – Міжнародны жаночы дзень – а з ім і пошукі лепшага сюрпрызу для любімых.
Традыцыйна ў топ падарункаў да 8 Сакавіка – вясеннія кветкі самых розных сартоў і яркіх адценняў: розы, цюльпаны, герберы, мімоза, нарцысы, лілеі… Дарэчы, беларускія кветаводы рыхтуюцца да свята яшчэ з кастрычніка, высаджваючы ў грунт расаду, каб ужо да надыходу вясны сабраць ураджай.
Напрыклад, работнікі брэсцкага ВКУП "Камунальнік" вырасцілі каля 30 тысяч цюльпанаў, 10 тысяч роз, 1 тысячы нарцысаў, 3 тысяч гіяцынтаў і каля 2 тысяч цынерарыі гібрыднай. Адных цюльпанаў – па тры-чатыры віды розных колераў – чырвоныя, жоўтыя і белыя. Паводле слоў спецыялістаў, асаблівым попытам карыстаюцца мікс-букеты ў жоўта-фіялетавых тонах.
Вясеннія фарбы, самыя папулярныя кветкі-2018, а таксама сюрпрызы, якія падрыхтавалі для мілых дам беларускія кветаводы – у нашым рэпартажы.