Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Алімпійскія чэмпіёнкі Пхёнчхана-2018 – Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава

Алімпійскае золата Пхёнчхана-2018 заваявалі ў эстафеце беларускія біятланісткі

Алімпійскае золата Пхёнчхана-2018 заваявалі ў эстафеце беларускія біятланісткі
22 Feb 2018

Беларускія біятланісткі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава перамаглі ў эстафетнай гонцы 4х6 км на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Пачыналася гонка ў складаных умовах надвор'я: ішоў снег, а вецер узмацняўся. Стартар беларускай зборнай Надзея Скардзіна першую стральбу адпрацавала без промахаў, а на другой скарысталася двума дадатковымі патронамі. На фінішы першага этапу беларускі адставалі ад лідараў на 46,2 сек і былі дзясятымі.

Далей у барацьбу ўключылася Ірына Крыўко. Пры двух заходах на стрэльбішчы ёй спатрэбіўся ўсяго адзін дадатковы патрон. У ходзе па дыстанцыі Ірына таксама не адчувала вялікіх праблем і змагла вывесці каманду ў пяцёрку мацнейшых. На фінішы беларуская дружына ўступала лідару 20,8 сек.

Алімпійскі дэбют у эстафеце спаўна ўдаўся Дзінары Алімбекавай. Не звяртаючы ўвагі на надвор'е і супраціўленне знакамітых канкурэнтак, Дзінара разумна расклала сілы па дыстанцыі. Пры стральбе ёй сумарна спатрэбіліся тры дадатковыя патроны. Яна не зарабіла штрафных кругоў і апошнюю стральбу на сваім этапе Алімбекава пакідала першай, але перадала эстафету чацвёртай (+17,1 сек).

Лідар беларускай зборнай Дар'я Домрачава хутка захапіла лідарства. Каб закрыць усе мішэні на першай стральбе ёй хапіла асноўнай абоймы. А вось на "стойцы" Дар'я вымусіла балельшчыкаў крыху пахвалявацца. Тры выстралы спартсменкі не дасягнулі цэлі. Але дадатковыя патроны далі магчымасць выправіць сітуацыю. На выхадзе з агнявога рубяжа Домрачава захоўвала лідарства. Да фінішу ніхто з саперніц яе не дагнаў.

Пераможны час беларускіх біятланістак - 1 гадз 12 мін 03,4 сек (без штрафных кругоў, 9 дадатковых патронаў). Да ўсяго ж Дар'я Домрачава прадэманстравала лепшы ход па дыстанцыі на сваім этапе.

Другое месца ў жаночай эстафеце занялі шведкі Лін Персан, Мона Брорсан, Анна Магнусан і Ханна Эберг (+10,7 сек; без промахаў, 12 дадатковых патронаў).

Трэцімі фінішавалі францужанкі Анаіс Шэвалье, Мары Дарэн-Абер, Жустын Брэзаз, Анаіс Бескон (+17,6 сек; 0+14).

Алімпійскае золата Пхёнчхана-2018 заваявалі ў эстафеце, беларускія біятланісткі
Алімпійскае золата Пхёнчхана-2018 заваявалі ў эстафеце, беларускія біятланісткі
Беларускія біятланісткі перамаглі ў эстафеце на Алімпіядзе-2018
Бронзу заваявалі францужанкі Анаіс Шэвалье, Мары Дарэн-Абер, Жустын Брэзаз, Анаіс Бескон
Серабро заваявалі шведкі Лін Персан, Мона Брорсан, Анна Магнусан і Ханна Эберг
Папярэдняя       1 2 3 4 5      Наступная