У першыя летнія выхадныя музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі прымаў баль. Дзіцячы! У гонар Міжнароднага дня абароны дзяцей і пачатку самых вялікіх канікулаў. У адроджанай рэзідэнцыі знакамітага дыпламата і кампазітара гэта была ўжо чацвёртая свецкая вечарына для юных дам і кавалераў: апошнія гады балі ў Залессі, як і стагоддзі таму, збіраюць усё больш гасцей.
Па выніках 2016-га калектыву музея-сядзібы М.К.Агінскага была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва – за стварэнне і рэалізацыю праекта "Вяртанне Паўночных Афін", накіраванага на папулярызацыю спадчыны кампазітара, у тым ліку праз адраджэнне традыцыі правядзення баляў…
І на гэты раз арганізатары – супрацоўнікі музея-сядзібы – пастараліся стварыць для гасцей атмасферу часоў самога гаспадара "Паўночных Афінаў" і яго вялікай сям'і. Перад пачаткам свецкага раўту ўдзельнікаў у старадаўніх пакоях сустракалі "дзеці" Міхала Агінскага: Амелія і Ірэнеуш падзяліліся сямейнымі гісторыямі і пазнаёмілі з музычнымі творамі таленавітага майстра. А ўжо ў бальнай зале рэзідэнцыі "дочкі" Эма і Іда знаёмілі з танцамі ХIX стагоддзя.
Удзельнікі летняга балю – не толькі дзеці, але і бацькі, турысты, якія прыехалі ў сядзібу – разам з прафесійнымі танцмайстрамі развучвалі і танцавалі паланэз, кругавы вальс, кантрдансы "Мацільда" і "Пісталет"…
І вядома, на працягу ўсёй вечарыны гасцей суправаджала цудоўная музыка. Творы Міхала Клеафаса Агінскага, у тым ліку і яго знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай", гучалі ў жывым выкананні трыа камернай музыкі "Унісон".