Самае галоўнае, прыгожае і сімвалічнае свята – Светлае Хрыстова Уваскрэсенне – разам з усім хрысціянскім светам 16 красавіка святкавалі ў Беларусі. І, што асабліва важна для многіх беларускіх сем'яў, у гэтым годзе праваслаўныя і католікі адзначалі яго разам: такое бывае нячаста і наступны раз паўторыцца толькі праз восем гадоў.
У Страсны тыдзень, які папярэднічаў урачыстасцям, вернікі пасціліся, маліліся, рыхтаваліся сустрэць радасную вестку аб уваскрэсенні Збавіцеля. У шосты дзень – Вялікую суботу – хрысціяне асвячалі велікодныя кулічы і фарбаваныя яйкі, а ўжо апоўначы ва ўсіх храмах краіны пачаліся святочныя богаслужэнні.
Боскія літургіі ў галоўных хрысціянскіх святынях сталіцы – праваслаўным Свята-Духавым кафедральным саборы і каталіцкім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі – правялі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Вялікдзень-2017 у Беларусі: хвалюючая падрыхтоўка, урачыстасць богаслужэнняў, шчырыя малітвы і светлыя пажаданні ад кіраўнікоў хрысціянскіх канфесій — у рэпартажы з розных куткоў краіны...