Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр – адзін з найстарэйшых у Беларусі: упершыню ён згадваецца ў летапісах у 1225 годзе, але за сваю гісторыю не аднойчы разбураўся і аднаўляўся. Навейшая гісторыя пачалася ў канцы XX стагоддзя, калі ў старадаўнім месцы быў пабудаваны храм, а ў жніўні 2007 прыход быў пераўтвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Сёння тут знаходзяць дапамогу людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю з-за згубных залежнасцей: наркатычнай, алкагольнай, ігравой. У манастыры ім даюць жыллё, дапамагаюць з рэабілітацыяй і асваеннем новых прафесій, дораць магчымасць праявіць творчасць у мастацкай студыі… І, вядома, манастыр – знакамітае месца для шматлікіх паломнікаў з Беларусі і ўсяго свету, якіх тут сустракаюць с нязменнай гасціннасцю.