Свята дружбы "Італія – Беларусь" разгарнулася 24 верасня ў гістарычным квартале Мінска – Верхнім горадзе, дзе традыцыйна праходзяць самыя яркія падзеі ў культурным жыцці беларускай сталіцы. Усяго на адзін дзень жыхары і госці горада зрабілі дзіўнае падарожжа на радзіму высокай моды, вытанчанай кухні і, вядома, самай смачнай у свеце піцы і эспрэса.
У праграму ўвайшлі выступленні творчых калектываў, модныя паказы, майстар-класы ад шэф-повараў сталічных рэстаранаў, прэзентацыі італьянскіх вытворцаў, дэгустацыі страў нацыянальнай кухні... Акрамя таго, можна было паспрабаваць сябе ў ролі вулічнага мастака, успомніць персанажаў любімых з дзяцінства кніг і нават убачыць камедыю дэль артэ ў выкананні акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.
Галоўнымі ж героямі святочнага канцэрта сталі саленційскія бубны и меладычныя беларускія цымбалы, якія загучалі ў руках юных талентаў з дзіцячых фальклорных калектываў "Тамбурэлісты з Отранта" і "Дударыкі", якія выступілі ў сумесным праекце "Музыка для сябра: давайце расці разам".
Фота: Аксана Манчук