Алімпійскія старты ў акваторыі "Лагоа цэнтра" каля падножжа знакамітай гары Каркавада, нарэшце, прынеслі Беларусі доўгачаканы медаль у веславанні на байдарках і каноэ. У перадапошні дзень алімпіяды экіпаж жаночай чацвёркі – Маргарыта Махнёва, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук – заваяваў бронзу Рыа-2016.
На гэтых Гульнях беларускі ўжо былі блізкія да п'едэстала: у рашаючым заездзе байдарак-двоек Марына Літвінчук і Надзея Ляпешка занялі шостае месца, а ў фінале байдарак-адзіночак, дзе Марына Літвінчук стала чацвёртай, усё вырашылі сотыя долі секунды і драматычны фотафініш. Аднак ні гэтыя расчараванні, ні адсутнасць у Рыа галоўнага трэнера зборнай, ні вецер, які ўзняўся перад фінальнай рэгатай, не перашкодзілі спартсменкам змагацца за свой шанц.
На вадзе лагуны Радрыгу-ды-Фрэйташ 500-метровую дыстанцыю беларускія спартсменкі праплылі за 1 мінуту і 33,908 секунды, уступіўшы толькі экіпажам з Венгрыі і Германіі. Дарэчы, тым самым беларускі паўтарылі бронзавы рэзультат Алімпіяды-2012 у Лондане.