Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Праваслаўныя вернікі Беларусі адзначылі Светлае Уваскрэсенне Хрыстова

Праваслаўныя вернікі Беларусі адзначылі Светлае Уваскрэсенне Хрыстова

Праваслаўныя вернікі Беларусі адзначылі Светлае Уваскрэсенне Хрыстова
12 Крс 2026

Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Светлае Уваскрэсенне Хрыстова – Вялікдзень. Гэта цэнтральная падзея ў духоўным жыцці хрысціян святкуецца з глыбокай пашанай, урачыстасцю і радасцю.

Хрысціяне вераць, што пасля грэхападзення Адама душы ўсіх людзей былі пазбаўлены магчымасці вярнуцца ў рай, а таму пасля смерці ўсе траплялі ў пекла. Але Хрыстос, памёршы і ўваскрэсшы, збавіў ад грахоў чалавецтва і тым самым адкрыў людзям дарогу ў Царства Нябеснае.

У пачатку апошняга тыдня свайго зямнога жыцця Ісус Хрыстос увайшоў у Іерусалім. Савет іерусалімскіх жрацоў задумаў расправіцца з Хрыстом. Таму за трыццаць срэбранікаў жрацы падкупілі аднаго з вучняў Хрыста Іуду і той здрадзіў Ісусу. Рымскі намеснік Понцій Пілат зацвердзіў прысуд: Ісус быў распяты на крыжы на гары Галгофа каля Іерусаліма разам з гарадскімі злодзеямі і разбойнікамі. Пасля смерці цела Ісуса выпрасіў багаты чалавек з горада Арымафеі Іосіф. Ён пахаваў Хрыста ў сваім садзе, у пячоры, высечанай у каменнай гары. Пасля пахавання Понцій Пілат, асцерагаючыся, што цела Ісуса Хрыста выкрадуць, загадаў закрыць уваход у пячору вялікім каменем і прыставіць варту.

Як мінула субота, ноччу, на трэці дзень пасля сваіх пакут і смерці, Ісус Хрыстос ажыў, уваскрэс з мёртвых. Яго цела абнавілася. Ён выйшаў з гроба, не адваліўшы каменя і нябачны для варты.

У гэты ж час з нябёсаў сышоў Анёл Гасподні. Ён адваліў камень ад дзвярэй гроба Гасподняга і сеў на ім. Воіны, якія стаялі на варце, прыйшлі ў жах, а потым, ачуўшыся ад страху, разбегліся.

На світанні да гроба Гасподняга прыйшлі жанчыны-міраносіцы, каб прынесеным мірам памазаць цела Хрыста. Падышоўшы да месца пахавання Госпада, яны ўбачылі, што вялізны заслон у пячору адсунуты. Марыя Магдаліна ўвайшла ў пячору і ўбачыла, што святое месца пуста. Яна паспяшалася паведаміць аб гэтым Пятру і Іаану. Усе яны вярнуліся назад да пячоры. Падышлі да гроба і іншыя жанчыны-міраносіцы. І ўбачылі яны, што на камені, які некалі закрываў уваход, сядзіць анёл у белым адзенні. Анёл сказаў ім: "Вы шукаеце Ісуса Назараніна распятага? Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён сустрэне вас у Галілеі, там вы Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам".

Уваскрослы Хрыстос на працягу 40 дзён з'яўляўся вучням, суцяшаючы і навучаючы іх. Але раней за ўсіх Ён узрадаваў Прасвятую Маці сваю, абвясціўшы ёй праз анёла аб сваім уваскрэсенні.

Свята Уваскрэсення Хрыстовага называецца Вялікаднем у знак пераемнасці з ранейшым старазапаветным святам збавення Ізраіля ад егіпецкага рабства. У эру Новага Запавету назва "Вялікдзень" атрымала асаблівы сэнс і стала абазначаць пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба, ад тленнага і пякельнага да вечнасці.

Усе богаслужэнні і царкоўныя абрады гэтага свята асабліва ўрачыстыя і прасякнуты адным пачуццём радасці аб выратаванні ўсяго існага.

Сімвал велікоднага свята фарбаваныя яйкі. Хоць яйкі фарбуюць у розныя колеры, традыцыйным з'яўляецца чырвоны колер жыцця і перамогі.

Да асаблівых велікодных абрадаў адносіцца благаславенне асаблівага хлеба артаса. Гісторыя гэтага звычаю такая. Апосталы, якія прывыклі спраўляць трапезу разам з Ісусам, пасля Яго Узнясення адчувалі нябачную прысутнасць Госпада ў сваіх сходах. Пачынаючы трапезу, яны пакідалі незанятым тое месца, на якім знаходзіўся з імі Ісус Хрыстос, а на стале супраць таго месца клалі, як бы для Яго, частку хлеба. Кожны раз пасля заканчэння трапезы яны паднімалі гэту частку хлеба і прамаўлялі: "Хрыстос уваскрэс!"

У дзень Вялікадня спыняецца ўсякі пост, смутак і журба. Велікодная трапеза ў хрысціян самая багатая і вытанчаная. Пасля сямітыднёвага посту на стол ставяцца кулічы, тварог, мяса, фарбаваныя яйкі. Кулічы пякуць са здобнага цеста з дабаўленнем арэхаў, разынак і прыпраў.

Само свята Уваскрэсення Хрыстовага адзначаецца царквой на працягу тыдня гэты перыяд называецца Светлай сядміцай. У цэлым жа днямі велікоднага свята лічацца 40 дзён да свята Ушэсця. У гэты радасны саракадзённы перыяд вернікі прадаўжаюць замест звычайнага прывітання гаварыць "Хрыстос уваскрэс!" і адказваць "Сапраўды ўваскрэс!"

З момантам уваскрэсення Хрыста звязаны яшчэ адзін хрысціянскі цуд сыходжанне на Яго гроб Жыватворнага святога агню, які з'яўляецца кожны год напярэдадні Вялікадня. Гэты агонь сімвалізуе нерукатворнае святло Уваскрэсення Хрыстовага.

Святочнае богаслужэнне ў брэсцкім Кафедральным саборы Святога Сімеона Стоўпніка
Праваслаўныя вернікі Беларусі адзначылі Светлае Уваскрэсенне Хрыстова
Папярэдняя       1 2 3 4