Выстава аднаго шэдэўра – карціны Марка Шагала "Прагулка" з калекцыі Дзяржаўнага Рускага музея (Санкт-Пецярбург) – адкрылася 7 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Урачыстая цырымонія адбылася ў рамках Дзён Рускага музея, якія пройдуць з 8 па 10 красавіка.
Упершыню творы Шагала былі прадстаўлены ў Мінску ў 1997 годзе на выставе "Марк Шагал. Творы міжземнаморскага перыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949-1985" з калекцыі сям'і мастака, услед за якой у музеі з поспехам экспанаваліся "Марк Шагал. Краявіды" (2002), "Марк Шагал і сцэна" (2004), арганізаваныя спадчыннікамі мастака – яго ўнучкамі Бэлай і Мерэт Меер.
"Выстава заклікана не толькі пазнаёміць беларускага гледача са знакамітым шэдэўрам ранняй творчасці мастака. Яна стане працягам прэзентацыі творчай спадчыны майстра з музейных калекцый Расійскай Федэрацыі ў Беларусі", – адзначылі ў музеі.
"Прагулка" (1917-1918) – адна з самых вядомых карцін Марка Шагала, на якой ён адлюстраваў сябе і сваю жонку Бэлу ў момант абсалютнага шчасця. Мастак стаіць на зямлі, трымаючы жонку за руку, у той час як яна лунае ў небе. Палёт увасабляе свабоду і ўзвышанае пачуццё кахання, якое літаральна "адрывае ад зямлі". У правай руцэ мужчына трымае птушку – метафару шчасця, якое ўжо злоўлена ("сініца ў руках"), у той час як "журавель" (Бэла) лунае ў нябёсах. Работа напісана ў Віцебску і ўваходзіць у трыпціх разам з палотнамі "Над горадам" і "Двайны партрэт".
У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар НММ Ірына Мацяс расказала аб значнасці карціны Марка Шагала "Прагулка" і ўплыве майстра на беларускую культуру і сучасных нацыянальных мастакоў:
– Марк Шагал – гэта наш брэнд. І палатно "Прагулка" – адзін з самых яго прыгожых твораў, самых любімых не толькі ў прыхільнікаў таленту майстра. У Нацыянальнага мастацкага музея заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным рускім музеем. У рамках гэтага пагаднення ўпершыню будуць арганізаваны Дні Рускага музея на нашай пляцоўцы. Рускі музей правядзе практычныя семінары, майстар-класы, лекцыі. Гэта маштабны праект, ён выклікаў цікавасць у музейшчыкаў у Беларусі. І вось гэты праект мы адкрываем унікальнай падзеяй: выставай аднаго шэдэўра – "Прагулкі" Марка Шагала. Гэтае маляўнічае палатно прабудзе ў нас да ліпеня. І ў рамках выставы пройдзе цыкл лекцый аб творчасці Марка Шагала і аб гэтым яго творы. Карціна "Прагулка", па-за ўсякімі сумненнямі, – самая вядомая работа майстра, і яна аб яго каханні да Бэлы Разенфельд. А каханне – гэта палёт ад адчування шчасця.