Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Музей касманаўтыкі ў Тамашоўцы – на радзіме першага беларускага пакарыцеля арбіты Пятра Клімука

Музей касманаўтыкі ў Тамашоўцы – на радзіме першага беларускага пакарыцеля арбіты Пятра Клімука

Музей касманаўтыкі ў Тамашоўцы – на радзіме першага беларускага пакарыцеля арбіты Пятра Клімука
8 Крс 2026

Першы ў Беларусі тэматычны Музей касманаўтыкі адкрыўся 4 лістапада 1978 года ў сярэдняй школе вёскі Тамашоўка Брэсцкага раёна. Ідэя его стварэння ўзнікла яшчэ ў 1973-м – пасля першага палёту на арбіту ўраджэнца гэтага краю Пятра Клімука. У вёсачцы Камароўка ён з'явіўся на свет, у размешчанай усяго за некалькі кіламетраў суседняй Тамашоўцы  знаходзіцца школа, якая з 2022 года мае яго імя. Знакаміты беларускі касманаўт – двойчы Герой Савецкага Саюза – ажыццявіў тры экспедыцыі (1973, 1975, 1978) у якасці камандзіра экіпажа і ўвогуле правёў на арбіце 78 дзён 18 гадзін 18 мінут.

Шмат гадоў таму, збіраючы матэрыялы, педагогі і навучэнцы Тамашоўскай школы завялі перапіску з Пятром Ільічом, пабывалі ў зорным гарадку. Школа ў Камароўцы, дзе вучыўся будучы лётчык, да таго моманту "пераехала" ўжо ў Тамашоўку, і якраз у ёй працавалі настаўнікі, якія выхавалі Пятра Клімука, з якімі ён падтрымліваў цесную сувязь. Маці касманаўта Марфа Паўлаўна Клімук перадала ў экспазіцыю асабістыя рэчы сына, фатаграфіі, падзялілася ўспамінамі. І ў лістападзе 1978-га з яе ўдзелам адбылося ўрачыстае адкрыццё  Музея касманаўтыкі, якое сабрала шматлікіх гасцей. Пазней, бываючы ў родных мясцінах, лётчык-касманаўт і сам не раз наведваў музей.

У лістападзе 2025 года Музей касманаўтыкі ў Тамашоўцы атрымаў статус народнага. За амаль паўстагоддзя свайго існавання ён закрываўся толькі аднойчы (2003-2004) у сувязі з маштабнай рэканструкцыяй школы, якая ператварыла яе ў адукацыйны комплекс з зімнім садам, кабінетамі спецыяльнай падрыхтоўкі, спартыўнай залай, і, вядома, абноўленым музеем. Сёння ў яго калекцыі – больш за 2 тысячы экспанатаў, якія прадстаўляюць этапы вывучэння Сусвету і пакарэння касмічнай прасторы, расказваюць пра жыццё і подзвігі Пятра Ільіча Клімука.

На плошчы музея (228 м²) размешчана тры залы, прысвечаныя летапісу асваення космасу, асобе першага беларускага касманаўта, палётам міжнародных экіпажаў, харчаванню і аснашчэнню касманаўтаў. Асноўная экспазіцыя была сфарміравана яшчэ ў 1970-я гады. Асаблівай увагі заслугоўваюць фатаграфіі, дакументы, рэчы з дома Пятра Клімука і створаныя яго рукамі, якія перадала ў музей Марфа Паўлаўна. Наведвальнікі ўбачаць дыяраму школы ў вёсцы Камароўка і парту касманаўта, атрыбуты яго палётаў у космас – амартызацыйнае крэсла і гідракасцюм, бачок для піцця, які пабываў у беспаветранай прасторы, а таксама трэніровачную сістэму для стыкоўкі, мадэлі станцыі "Мір" і модуля "Квант", ваенны мундзір Пятра Клімука.

У Дзень касманаўтыкі 12 красавіка 2024 года ў музеі адкрылася новая частка пастаяннай экспазіцыі, якая атрымала назву "Касмічная Беларусь". Тут знаёмяць з дасягненнямі Беларусі ў галіне навукі і тэхналогій, а таксама расказваюць пра ўсіх касманаўтаў-беларусаў – Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага і Марыну Васілеўскую.

Графік работы Музея касманаўтыкі ў Тамашоўцы: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца – з 14:20 да 18:20, субота – з 10:00 да 14:00, выхадныя – серада і нядзеля.

Музей касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўка Брэсцкага раёна
Першы беларускі касманаўт двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук
Першы беларускі касманаўт Пётр Клімук падчас аўтограф-сесіі
Фотаматэрыялы першага беларускага касманаўта Пятра Клімука
Сёстры Пятра Клімука Ніна Амельянюк і Антаніна Лушчай расказваюць пра касманаўта
Папярэдняя       1 2 3 4 5      Наступная