У перыяд з 24 па 27 студзеня ў Мінску ў Палацы Рэспублікі працуе Інфармацыйны цэнтр ЦВК. У асноўны дзень галасавання 26 студзеня на працягу ўсяго дня тут праходзяць прэс-канферэнцыі і брыфінгі з удзелам кіраўніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіі, прамыя ўключэнні з рэгіёнаў Беларусі.
Як адзначыў у час адкрыцця 24 студзеня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка, Інфармацыйны цэнтр ЦВК з'яўляецца важнай формай рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў адкрытасці і галоснасці ў перыяд правядзення выбараў. Кіраўнік ЦВК падкрэсліў, што пры планаванні выбарчай кампаніі Цэнтральная камісія кіруецца дзеючым заканадаўствам і выбудоўвае ўзаемадзеянне з усімі суб'ектамі выбарчага працэсу:
– І Інфармацыйны цэнтр з'яўляецца важнай формай рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў адкрытасці і галоснасці ў перыяд правядзення выбараў. Менавіта гэтая традыцыйная пляцоўка ЦВК з'яўляецца крыніцай аператыўнага прадастаўлення актуальных і дакладных звестак аб прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая праходзіць у краіне, сродкам масавай інфармацыі, нацыянальным і міжнародным наглядальнікам.
У гэтым годзе цэнтр упершыню працуе на працягу чатырох дзён. Тут адбыўся маладзёжны турнір па гульні "Выбар.BY", арганізаваны Маладзёжным саветам пры ЦВК, адкрыта выстава "Развіццё выбарчага права ў гістарычнай рэтраспектыве". На медыйных пляцоўках цэнтра працуюць вучоныя ў галіне выбарчага права, эксперты, практыкі, арганізатары выбараў.
І, зразумела, на працягу ключавых дзён выбарчай кампаніі ў Інфармацыйным цэнтры ЦВК практычна кругласутачна працуюць журналісты. Усяго доступ у інфацэнтр у Палацы Рэспублікі атрымалі 481 прадстаўнік з 25 беларускіх медыя і 331 журналіст з 70 замежных СМІ. Замежныя медыя прадстаўлены найбуйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі з 23 краін Азіі, Еўропы, Лацінскай і Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу. Традыцыйна высокую цікавасць праявілі прадстаўнікі расійскіх медыя. Акрамя таго, свае заяўкі на акрэдытацыю накіравалі вядучыя сусветныя СМІ – BBC, Reuters (Вялікабрытанія), Al Jazeera (Катар), Медыякарпарацыя Кітая (CCTV і CGTN), ТАСС, УДТРК (Расія), CNN, Associated Press (ЗША), AFP (Францыя) і буйныя рэгіянальныя медыя – TeleSUR (Венесуэла), ZDF, ARD (Германія), EFE (Іспанія), France Télévisions (Францыя).
Цікава таксама, што ўпершыню ў Інфармацыйным цэнтры ЦВК акрэдытаваліся не толькі рэспубліканскія, але і рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі. Акрамя таго, жаданне папрацаваць у Інфармацыйным цэнтры выказалі шэраг блогераў, і іх заяўкі таксама былі задаволены.