Мінск упершыню прымае чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні: ужо заўтра ў барацьбу за ўзнагароды 111-га па ліку турніру ўключацца больш за 100 лепшых атлетаў кантынента. Чакаецца, што першынство парадуе цэлым россыпам зорак лёду. Сярод іх – алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана-2018 Аліна Загітава, уладальнік бронзы іспанец Хаўер Фернандэс, сярэбраны прызёр Гульняў французскі танцавальны дуэт Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізерон.
Цырымонія адкрыцця і спаборніцкая праграма ЧЕ-2019 па фігурным катанні пройдуць 23 студзеня: у гэты дзень кароткую праграму прадставяць жанчыны і танцавальныя пары. Дарэчы, Беларусь на турніры прадставяць тры спартсмены: у мужчынскім адзіночным катанні – Якаў Зянько, у танцах – Юрый Гуліцкі і Ганна Кублікава, якія трэніруюцца ў праслаўленага фігурыста і настаўніка Аляксандра Жуліна.
Пакуль жа зорныя госці і іх каманды (усяго каля 500 чалавек) прадаўжаюць прыбываць у Нацыянальны аэрапорт і дзяліцца з журналістамі першымі ўражаннямі. Лядовая пляцоўка "Мінск-Арэны" таксама не пустуе: яшчэ ўчора тут пачаліся афіцыйныя трэніроўкі, пабываць на якіх могуць і балельшчыкі.
Знакамітыя госці, першая проба мінскага лёду і сустрэчы з паклоннікамі – у рэпартажы!