У апошнюю суботу каляндарнага лета, 26 жніўня, марафон нацыянальных культур у гістарычным цэнтры Мінска Верхнім горадзе прадоўжыла свята армянскай культуры з прывабнай, нібыта прасякнутай сонцам, назвай – "Залаты абрыкос". Яго арганізатарамі выступілі сталічная мэрыя, пасольства Арменіі ў Беларусі і Мінскае гарадское армянскае культурна-асветнае таварыства "Айастан".
Адкрыў фестывальны дзень вялікі канцэрт, у якім на сцэну выйшлі вядомыя прадстаўнікі армянскай дыяспары, ураджэнцы гэтай краіны – оперная спявачка Гаар Акапян, зоркі эстрады Іскуі Абалян, Егіязар Фарашан, Стэла, Ваграм Карапецян, ілюзіяніст Арсен Мелканян, а таксама ансамбль армянскага танца і песні "Эрэбуні". Гасцей віталі мэр Мінска Андрэй Шорац і пасол Алег Есаян, якія таксама далучыліся да мерапрыемства – наведалі рамесны кірмаш, прынялі ўдзел у футбольным турніры і народных забавах.
Госці свята змаглі зрабіць гістарычнае падарожжа да вытокаў хрысціянства на армянскіх землях, забіць пераможны гол у футбольным матчы на прызы Генрыха Мхітарана, паспаборнічаць з мэтрамі ў шахматным турніры Тыграна Петрасяна, наведаць кулінарныя майстар-класы і дэгустацыі традыцыйных страў і напояў, навучыцца азам пісьменства і напісаць сваё імя на армянскай мове. А на заканчэнне – апрануцца ў нацыянальны касцюм і зрабіць памятнае сэлфі, каб абавязкова вярнуцца – ужо праз год.
На фота: артыстка ансамбля армянскага танца і песні "Эрэбуні" Крысціна Аганісян