Больш за 100 чалавек прымаюць удзел у сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску. Сярод іх – кіраўнікі дзяржаў, значныя палітычныя дзеячы, эксперты па пытаннях бяспекі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, акадэмічнай супольнасці і спецслужбаў. Праграма міжнароднага форуму ўключае чатыры дыскусійныя сесіі. Яны прысвечаны мінскаму працэсу, адносінам паміж Усходам і Захадам, кантролю над узбраеннямі і ўмацаванню даверу, а таксама рэгіянальным канфліктам.
Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праводзіцца штогод з 1963 года. Першапачаткова мерапрыемства задумвалася як форма дыялогу паміж ФРГ і ЗША па пытаннях палітыкі бяспекі. З цягам часу яно пачало прыцягваць усё больш увагі прадстаўнікоў палітычных і ваенных колаў іншых краін. Цяпер канферэнцыя з'яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных форумаў у свеце па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.
Першая сустрэча Асноўнай групы МКБ адбылася ў 2009 годзе. Форумы праходзяць у фармаце эксклюзіўнага закрытага дыялогу высокага ўзроўню з прыцягненнем шырокага кола ўдзельнікаў. Яны з'яўляюцца прадаўжэннем Мюнхенскай канферэнцыі і ў пэўнай ступені задаюць тон дыскусіі.
У 2018 годзе кіраўніцтва МКБ прапанавала правесці чарговую сустрэчу Асноўнай групы ў Мінску, абгрунтаваўшы гэта ўкладам, які ўносіць Беларусь ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне і магчымасцю сабраць на беларускай пляцоўцы ключавых ігракоў.
Прадстаўнікі Беларусі прымаюць удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з 2006 года. Пляцоўка выкарыстоўваецца беларускім бокам для прадстаўлення пазіцыі краіны па ключавых аспектах міжнароднай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, правядзення двухбаковых сустрэч з афіцыйнымі асобамі розных дзяржаў.