Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Светлае Уваскрэсенне Хрыстова – Вялікдзень. Гэта цэнтральная падзея ў духоўным жыцці хрысціян святкуецца з глыбокай пашанай, урачыстасцю і радасцю.
Хрысціяне вераць, што пасля грэхападзення Адама душы ўсіх людзей былі пазбаўлены магчымасці вярнуцца ў рай, а таму пасля смерці ўсе траплялі ў пекла. Але Хрыстос, памёршы і ўваскрэсшы, збавіў ад грахоў чалавецтва і тым самым адкрыў людзям дарогу ў Царства Нябеснае.
У пачатку апошняга тыдня свайго зямнога жыцця Ісус Хрыстос увайшоў у Іерусалім. Савет іерусалімскіх жрацоў задумаў расправіцца з Хрыстом. Таму за трыццаць срэбранікаў жрацы падкупілі аднаго з вучняў Хрыста – Іуду і той здрадзіў Ісусу. Рымскі намеснік Понцій Пілат зацвердзіў прысуд: Ісус быў распяты на крыжы на гары Галгофа каля Іерусаліма разам з гарадскімі злодзеямі і разбойнікамі. Пасля смерці цела Ісуса выпрасіў багаты чалавек з горада Арымафеі Іосіф. Ён пахаваў Хрыста ў сваім садзе, у пячоры, высечанай у каменнай гары. Пасля пахавання Понцій Пілат, асцерагаючыся, што цела Ісуса Хрыста выкрадуць, загадаў закрыць уваход у пячору вялікім каменем і прыставіць варту.
Як мінула субота, ноччу, на трэці дзень пасля сваіх пакут і смерці, Ісус Хрыстос ажыў, уваскрэс з мёртвых. Яго цела абнавілася. Ён выйшаў з гроба, не адваліўшы каменя і нябачны для варты.
У гэты ж час з нябёсаў сышоў Анёл Гасподні. Ён адваліў камень ад дзвярэй гроба Гасподняга і сеў на ім. Воіны, якія стаялі на варце, прыйшлі ў жах, а потым, ачуўшыся ад страху, разбегліся.
На світанні да гроба Гасподняга прыйшлі жанчыны-міраносіцы, каб прынесеным мірам памазаць цела Хрыста. Падышоўшы да месца пахавання Госпада, яны ўбачылі, што вялізны заслон у пячору адсунуты. Марыя Магдаліна ўвайшла ў пячору і ўбачыла, што святое месца пуста. Яна паспяшалася паведаміць аб гэтым Пятру і Іаану. Усе яны вярнуліся назад да пячоры. Падышлі да гроба і іншыя жанчыны-міраносіцы. І ўбачылі яны, што на камені, які некалі закрываў уваход, сядзіць анёл у белым адзенні. Анёл сказаў ім: "Вы шукаеце Ісуса Назараніна распятага? Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён сустрэне вас у Галілеі, там вы Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам".
Уваскрослы Хрыстос на працягу 40 дзён з'яўляўся вучням, суцяшаючы і навучаючы іх. Але раней за ўсіх Ён узрадаваў Прасвятую Маці сваю, абвясціўшы ёй праз анёла аб сваім уваскрэсенні.
Свята Уваскрэсення Хрыстовага называецца Вялікаднем у знак пераемнасці з ранейшым старазапаветным святам збавення Ізраіля ад егіпецкага рабства. У эру Новага Запавету назва "Вялікдзень" атрымала асаблівы сэнс і стала абазначаць пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба, ад тленнага і пякельнага – да вечнасці.
Усе богаслужэнні і царкоўныя абрады гэтага свята асабліва ўрачыстыя і прасякнуты адным пачуццём радасці аб выратаванні ўсяго існага.
Сімвал велікоднага свята – фарбаваныя яйкі. Хоць яйкі фарбуюць у розныя колеры, традыцыйным з'яўляецца чырвоны – колер жыцця і перамогі.
Да асаблівых велікодных абрадаў адносіцца благаславенне асаблівага хлеба – артаса. Гісторыя гэтага звычаю такая. Апосталы, якія прывыклі спраўляць трапезу разам з Ісусам, пасля Яго Узнясення адчувалі нябачную прысутнасць Госпада ў сваіх сходах. Пачынаючы трапезу, яны пакідалі незанятым тое месца, на якім знаходзіўся з імі Ісус Хрыстос, а на стале супраць таго месца клалі, як бы для Яго, частку хлеба. Кожны раз пасля заканчэння трапезы яны паднімалі гэту частку хлеба і прамаўлялі: "Хрыстос уваскрэс!"
У дзень Вялікадня спыняецца ўсякі пост, смутак і журба. Велікодная трапеза ў хрысціян – самая багатая і вытанчаная. Пасля сямітыднёвага посту на стол ставяцца кулічы, тварог, мяса, фарбаваныя яйкі. Кулічы пякуць са здобнага цеста з дабаўленнем арэхаў, разынак і прыпраў.
Само свята Уваскрэсення Хрыстовага адзначаецца царквой на працягу тыдня – гэты перыяд называецца Светлай сядміцай. У цэлым жа днямі велікоднага свята лічацца 40 дзён – да свята Ушэсця. У гэты радасны саракадзённы перыяд вернікі прадаўжаюць замест звычайнага прывітання гаварыць "Хрыстос уваскрэс!" і адказваць "Сапраўды ўваскрэс!"
З момантам уваскрэсення Хрыста звязаны яшчэ адзін хрысціянскі цуд – сыходжанне на Яго гроб Жыватворнага святога агню, які з'яўляецца кожны год напярэдадні Вялікадня. Гэты агонь сімвалізуе нерукатворнае святло Уваскрэсення Хрыстовага.