III Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум адбыўся 2-3 верасня 2025 г. у Віцебску. Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступілі Сенат Олій Мажліс Рэспублікі Узбекістан і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўніцы бізнесу, эксперты, лідары меркаванняў сустрэліся для абмену вопытам, каб садзейнічаць умацаванню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Першы дзень форуму прайшоў на прадпрыемствах, дзе адбыліся пасяджэнні 7 тэматычных секцый. Абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі сумеснай работы ў машынабудаванні, лёгкай прамысловасці, аграпрамысловым комплексе, турызме, навуцы, адукацыі і ахове здароўя. Упершыню ў рамках форуму была арганізавана сустрэча кіраўнікоў мясцовых органаў самакіравання Беларусі і Узбекістана. Акрамя таго, у гэтым годзе праграму дапоўніў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў жаночых арганізацый дзвюх краін.
На другі дзень была прэзентавана выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, а таксама адбылася пленарная сесія, дзе абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Удзельнікамі бізнес-форуму сталі больш за 200 паспяховых прадпрымальнікаў з дзвюх краін, уключаючы 60 бізнес-лэдзі Узбекістана.
У дні правядзення форуму падпісаны камерцыйныя дакументы на агульную суму Br261 млн і 18 дакументаў аб двухбаковым супрацоўніцтве. Два папярэднія мерапрыемствы ў Мінску і Ташкенце таксама былі выніковымі. Арганізацыі заключылі тады 30 кантрактаў на суму Br235 млн, было падпісана 36 пагадненняў паміж установамі сацыяльнай сферы, мясцовымі органамі ўлады, якія сталі зыходнай кропкай для рэалізацыі шэрага сумесных ініцыятыў.