Этнічны стыль са сваімі нацыянальнымі традыцыямі і сучаснымі дызайнерскімі ідэямі не сыходзіць з модных подыумаў свету. Але вось ужо некалькі сезонаў менавіта беларускі каларыт – асаблівы трэнд, які пакарыў мільёны не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі.
У 2015-м на Тыдні высокай моды ў Парыжы дызайнеры Дома Valentino прэзентавалі незвычайную калекцыю з арнаментамі беларускай вышыванкі і вобразамі, навеянымі карцінамі Марка Шагала. Сімвалічны беларускі ўзор на адзенні і аксесуарах, лаканічныя славянскія сілуэты і натуральныя льняныя тканіны, здаўна любімыя беларусамі, набылі папулярнасць у розных краінах. Нядаўна вядомы спартыўны брэнд выпусціў лінію красовак у стылі вышыванкі.
Такая значная цікавасць да беларускіх матываў натхняе на новыя калекцыі, ідэі і модныя падзеі. У лістападзе 2015 года ў Мінску ўпершыню адбыўся фестываль-конкурс "Этна Стыль", прысвечаны выключна гэтаму самабытнаму напрамку. І ўжо ў красавіку 2016-га ён зноў сабраў у Нацыянальнай школе прыгажосці прадстаўнікоў беларускай fashion-індустрыі.
На суд экспертаў дызайнеры і мастакі-мадэльеры з усёй краіны прадставілі 16 калекцый адзення і аксесуараў з беларускім каларытам. Сярод модных намінацый – "Майстар", "Творчы пачын", "Этна эксперымент" і напрамак для фатографаў "Этна-фота-арт".
Інтрыга конкурсу захаваецца да апошніх мінут: згодна з правіламі, пераможца атрымае магчымасць стаць аўтарам касцюма ў нацыянальным стылі для прадстаўніцы Беларусі на міжнародным конкурсе прыгажосці "Міс Свету-2016"…
Эксклюзіўныя кадры з подыума "Этна Стыль-2016" – у моднай галерэі...
На фота: паказ моднай калекцыі Кацярыны Меднікавай "Slav Asia"