2020-ы набліжаецца да завяршэння і, нягледзячы на ўсе складанасці і трывогі гэтага незвычайнага года, як заўсёды ў снежні надыходзіць час удзячнасці, новых надзей і веры ў тое, што наступныя 12 месяцаў будуць лепшыя. Але калі запальваюцца агні на ёлках, уздоўж вуліц пачынаюць зіхацець гірлянды, а вітрыны магазінаў запаўняюцца падарункамі – настрой узнімаецца як па чараўніцтве. У Беларусі па традыцыі першымі пачынаюць уключаць ілюмінацыю заходнія Брэст і Гродна, але ўжо за лічаныя дні агні свята запоўняць усю краіну. Лепшыя кадры вы ўбачыце ў вялікім рэпартажы!
У Брэсце 1 снежня адкрыўся першы навагодні кірмаш, дзе можна не толькі выбраць сувеніры, падарункі і карнавальныя касцюмы для навагодняй ночы, але і ў марозны дзень сагрэцца чаем з самага вялікага самавара Беларусі, аб'ёму якога (380 літраў) хопіць, каб пачаставаць 1 500 чалавек!
Марафон падхапіла Гродзеншчына: 7 снежня роўна ў 18.00 галоўная ёлка рэгіёна на плошчы Савецкай заззяла агнямі і анімацыяй, а вуліцы горада напоўніліся святлом ад пераліўных гірляндаў і казачных аб'ёмных фігур. Цікава, што запалілі прыгажуню незвычайным спосабам – з дапамогай квадракоптара. Па традыцыі ў цырымоніі прынялі ўдзел Дзед Мароз і Снягурачка, якія віталі гасцей, пажадаўшы ўсім моцнага здароўя ў надыходзячым 2021-м годзе і абавязковай веры ў цуд. Ужо з 11 снежня побач з ёлкай адкрываецца кірмаш, дзе можна паспытаць глінтвейн і імбірнае пячэнне, падмацавацца стрыт-фудам, выбраць падарункі і палюбавацца вячэрнімі відамі горада.