Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Парламенцкія выбары-2019

Парламенцкія выбары ў Беларусі

13 Sep 2016

У Мінску выбрана восем членаў Савета Рэспублікі

13 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Мінску выбрана 8 членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: намеснік міністра юстыцыі Ала Бадак, дырэктар РНПЦ "Маці і дзіця" Канстанцін Вільчук, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі Сяргей Рахманаў, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо, міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дэпутаты гарадскога Савета аднагалосна падтрымалі ўсе восем кандыдатур.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч у сваім выступленні на пасяджэнні выказаў меркаванне, што Савет Рэспублікі павінен актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач, што стаяць перад рэспублікай. "У апошнія гады ў гэтым напрамку зроблены пэўныя крокі. Так, у 2015-2016 гадах больш як 40 ініцыятыў па актуальных пытаннях развіцця краіны накіравана Прэзідэнту, ураду, на месцы, - сказаў ён. - Для паспяховай рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку неабходна прыняць 127 нарматыўных прававых актаў, у тым ліку амаль 50 законаў".

Паводле яго слоў, адна з галоўных умоў выхаду на плануемыя тэмпы эканамічнага развіцця - стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. "А значыць, трэба стымуляваць, матываваць гэты працэс у тым ліку шляхам прэферэнцый. Інвестара трэба падтрымліваць, асабліва ў першыя гады работы вытворчасці, прадастаўляючы больш ільготныя падатковыя ўмовы. Гэта будзе садзейнічаць эканамічнаму росту, эфектыўнай занятасці насельніцтва", - упэўнены Міхаіл Мясніковіч. Неабходна таксама вырашаць пытанні, звязаныя з лібералізацыяй эканамічных адносін. Гэты напрамак прадугледжваецца ў законапраектнай дзейнасці, падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі. Ён таксама лічыць вельмі важнай гарманізацыю заканадаўства ЕАЭС, стварэнне роўных умоў - неабходна ўстараніць больш за 400 бар'ераў, наяўнасць якіх негатыўна ўплывае на дзейнасць суб'ектаў гаспадарання.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што бачыць сваю задачу і ў развіцці рэгіянальных праграм і праектаў.

Старшыня ФПБ Міхаіл Орда ў сваім выступленні перад дэпутатамі гарсавета адзначыў, што лічыць прыярытэтам абарону правоў і гарантый работнікаў, працоўных калектываў. "Я выступаю супраць неабдуманых рэформ, усе рашэнні павінны быць выверанымі", - заявіў ён.

Міхаіл Орда спыніўся на тых напрамках, якія, на яго думку, патрабуюць заканадаўчага рэгулявання. "Банкаўская сістэма павінна працаваць некалькі па-іншаму, - лічыць ён. - Вобразна кажучы, банкі - крывяносная сістэма эканомікі і нельга, каб банкі станавіліся нейкім тромбам у гэтай сістэме. У прыватнасці, неабходна больш актыўна прыцягваць танныя крэдыты". Міхаіл Орда выступае за дэдаларызацыю эканомікі, за тое, каб "адвязаць" ад долара падаткі на зямлю, нерухомую маёмасць і г.д. Неабходна таксама ўдасканальваць механізм сістэмнага маніторынгу прымянення нарматыўных прававых актаў. Старшыня ФПБ спыніўся на ініцыятыве стварэння страхавога фонду ад беспрацоўя, а таксама фонду для кампенсацыі выплаты зарплаты работнікам прадпрыемстваў-банкрутаў. "Размова ідзе аб захаванні сацыяльных гарантый людзям, калі яны засталіся без работы", - падкрэсліў Міхаіл Орда.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна назвала некалькі галоўных прыярытэтаў: моцная незалежная суверэнная Беларусь і яе рух наперад на міжнароднай арэне; рост якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва на аснове эканамічнага развіцця; выхад сацыяльнай сферы на новы якасны ўзровень. "Наша краіна - тэрыторыя агульнай адказнасці ўлады і грамадзянскай супольнасці", - падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. Яна акцэнтавала ўвагу і на якасці кіравання - як краінай, так і асобным прадпрыемствам. Фундаментам павінны быць, на яе думку, і прававая база, і міжведамаснае ўзаемадзеянне, і наяўнасць зваротнай сувязі. "Трэба ўмець чуць адзін аднаго і працаваць толькі разам", - рэзюмавала Мар'яна Шчоткіна.

Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі праходзіла з 21 ліпеня па 19 жніўня. Рэгістрацыя ў ЦВК кандыдатаў адбылася з 20 па 24 жніўня. Непасрэдна самі выбары сенатараў праходзяць на пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню абласцей, дэпутатаў Мінгарсавета.

Савет Рэспублікі - адна з дзвюх палат парламента Беларусі. У яе ўваходзяць 64 чалавекі, і яна лічыцца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Пры гэтым 56 чалавек выбіраюцца, а яшчэ 8 назначае Прэзідэнт Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі