Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Парламенцкія выбары-2019

Парламенцкія выбары ў Беларусі

26 Ліс 2019

МЗС давяло БДІПЧ АБСЕ сваё стаўленне да вывадаў наглядальнікаў аб выбарах у Беларусі

МЗС давяло БДІПЧ АБСЕ сваё стаўленне да вывадаў наглядальнікаў аб выбарах у Беларусі
Фота з архіва

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка 25 лістапада правёў сустрэчу з кіраўніком місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Карнеліяй Вільемін Анке Ёнкер. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"Былі даведзены падыходы беларускага боку адносна папярэдніх вывадаў Міжнароднай місіі па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі", - расказалі ў міністэрстве.

Як паведамлялася, 25 лістапада міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што крытыка выбарчага працэсу з боку міжнародных наглядальнікаў павінна спалучацца з канстатацыяй станоўчых бакоў. "Важна, каб любая місія, якая прыязджае глядзець за выбарамі, не толькі крытыкавала негатыўныя рэчы, звязаныя з выбарчымі працэсамі, падвядзеннем вынікаў галасавання, але і ўлічвала пазітыўныя, станоўчыя моманты, якія мелі месца быць", - сказаў ён.

Уладзімір Макей адзначыў, што не стаў бы драматызаваць ацэнку выбараў місіяй АБСЕ. "Думаю, што нашы еўрапейскія партнёры будуць улічваць гэту ацэнку ў выбудоўванні сваёй палітыкі ў адносінах да Беларусі. Але хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць: мы былі абсалютна адкрытыя ў правядзенні гэтых выбараў. Больш за тысячу наглядальнікаў, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі і краіны, мелі магчымасць назіраць за гэтым працэсам абсалютна адкрыта і даступна на ўсіх участках. Дарэчы, не ва ўсіх краінах нават Еўрасаюза ёсць адпаведныя магчымасці для арганізацыі міжнароднага назірання за выбарамі", - адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Ён запэўніў, што Беларусь прадоўжыць дыялог з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, у тым ліку па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства. "Мы абсалютна адкрытыя да дыялогу, гатовы да гэтага. Думаю, у канчатковым выніку мы знойдзем агульныя падыходы, узаемаразуменне па гэтай тэматыцы", - сказаў Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, Беларусь накіруе ў адпаведныя структуры БДІПЧ АБСЕ свае каментарыі наконт работы місіі АБСЕ. "Будзем спадзявацца, што яны таксама будуць улічаны пры падрыхтоўцы заключнага даклада па выніках парламенцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі", - рэзюмаваў Уладзімір Макей.

Міжнародныя ацэнкі парламенцкіх выбараў у Беларусі МЗС пракаменціравала і 19 лістапада. Прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз заявіў, што беларускі бок азнаёміўся з заявамі міжнародных наглядальных місій па выніках праведзеных парламенцкіх выбараў у Беларусі. Прынята таксама да ведама заява Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па гэтым пытанні. "У сувязі з гэтым хацелі б нагадаць, што не існуе ідэальных выбарчых сістэм і пры жаданні можна знайсці хібы ў любым выбарчым працэсе ў любой краіне на прасторы АБСЕ", - сказаў прадстаўнік МЗС і падкрэсліў, што Беларусь праявіла максімальную транспарэнтнасць і запрасіла на праведзеныя выбары рэкордную колькасць міжнародных наглядальнікаў. Паводле ацэнак многіх з іх, звярнулі ўвагу ў МЗС, выбарчая кампанія прайшла спакойна, арганізавана, адкрыта, галосна і на канкурэнтнай аснове, у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і нашымі міжнароднымі абавязацельствамі, што пацвярджаецца, у прыватнасці, заявамі місій СНД і ШАС.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі