У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
ВЫБАРЫ ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Парламенцкія выбары-2019

Парламенцкія выбары ў Беларусі

7 Ліп 2016

Ярмошына перасцерагае ад фармалізму пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фармальны падыход пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій недапушчальны. Аб гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла сёння ў час семінара-вучобы членаў акруговых выбаркамаў Мінскай вобласці па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Семінар праходзіў у Мінскім аблвыканкаме. Лідзія Ярмошына размаўляла з членамі акруговых выбарчых камісій Мінскай вобласці пры дапамозе відэасувязі. Адной з асноўных тэм размовы стала фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій, што, на думку старшыні ЦВК, з'яўляецца больш важным і складаным працэсам, чым фарміраванне акруговых выбаркамаў. "Прашу вас правесці гэтыя пасяджэнні не фармальна. Усе кандыдатуры, якія вылучаюцца ў склады ўчастковых выбарчых камісій, павінны абмяркоўвацца", - звярнула ўвагу членаў акруговых выбаркамаў кіраўнік ЦВК. Паводле яе слоў, там, дзе няма конкурсу на ўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі, неабходна сцісла ахарактарызаваць кожную кандыдатуру, пасля чаго можна правесці галасаванне спісам.

Пры наяўнасці конкурсу неабходна прадстаўляць не толькі кароткія характарыстыкі, але таксама праводзіць галасаванне па кожнай кандыдатуры асобна, каб было зразумела, за каго прагаласавалі. У далейшым гэта можа з'яўляцца доказам у судзе ў выпадку абскарджання рашэнняў выканаўчых камітэтаў грамадзянамі або партыямі, прадстаўнікі якіх не трапілі ў склады ўчастковых выбарчых камісій. "Я разумею, што такі падыход патрабуе намнога больш часу. Тады правядзіце пасяджэнне, напрыклад, на працягу двух дзён, але яно павінна адбыцца менавіта ў такім парадку, і ні ў якім іншым. Ніякага спрашчэння!" - запатрабавала кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына нагадала аб абяцанні, дадзеным міжнародным наглядальным структурам, перш за ўсё АБСЕ, па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта. "Зразумейце, калі штосьці будзе праведзена не так, гэта потым абавязкова трапіць у падагульняючае заключэнне наглядальнікаў. Нічога не застаецца без увагі", - асабліва падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

У ходзе семінара яна расказала, што максімальны склад участковай выбарчай камісіі можа ўключаць 19 членаў, мінімальны - пяць. "Вы ўжо самі на месцы вызначаеце, якую камісію ўтвараць, але вам абавязкова павінна хапіць выдзеленых на яе сродкаў. Сярэдняя колькасць участковых выбарчых камісій - 15 чалавек", - звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына. У адпаведнасці з заканадаўствам участковыя выбарчыя камісіі павінны быць утвораны не пазней за 27 ліпеня.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама адзначыла, што Мінскі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў з поспехам вытрымалі экзамен па ўтварэнні акруговых і Мінскай абласной выбарчых камісій. "Пасяджэнне прайшло дэмакратычна, свабодна. Былі выкананы ўсе рэкамендацыі Цэнтральнай камісіі па рэйтынгавым, канкурэнтным галасаванні па кожнай кандыдатуры ў склад аблвыбаркама. Гэта пасяджэнне ўжо атрымала высокую ацэнку міжнародных наглядальнікаў з Выканкама СНД, якія прысутнічалі на ім. Членам акруговых камісій ёсць на каго раўняцца. Лічу, што вы можаце атрымліваць кансультацыі непасрэдна ў вашым вышэйстаячым органе, а не толькі звяртаючыся ў ЦВК", - адзначыла ў звароце да членаў акруговых камісій Лідзія Ярмошына.

Як паведамлялася, склады Мінскай абласной і 17 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання зацверджаны 27 чэрвеня на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама. З 21 кандыдатуры шляхам персанальнага абмеркавання і галасавання ў яго ўвайшлі 13 чалавек (максімальна магчымая колькасць). Мяркуецца, што ў Мінскай вобласці будуць сфарміраваны 1023 участковыя выбарчыя камісіі па выбарах у парламент. Адпаведна, плануецца стварыць такую ж колькасць выбарчых участкаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання назначаны на 11 верасня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс